Польскі пункт пропуску „Баброўнікі” на мяжы з Беларуссю з 10 лютага прыпыніць сваю працу. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

„З-за важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я пастанавіў прыпыніць да далейшага апавяшчэння з 10 лютага гэтага года з 12:00 рух на польска-беларускім пагранпераходзе ў Баброўніках”, — паведаміў ён.

З беларускага боку на гэтым пераходзе знаходзіцца пункт пропуску „Бераставіца”. У выніку на беларуска-польскай мяжы пакуль застанецца толькі адзін пераход у Берасці з пунктамі пропуску „Казловічы” для грузавых аўтамабіляў і „Брэст” для астатніх відаў транспарту.

Нагадаем, з восені 2021 года не функцыянуе таксама размешчаны ў Гарадзенскай вобласці пераход „Брузгі – Кузніца”.