
Яшчэ два карныя палітычныя працэсы па крымінальных справах пачынаюцца 9 лютага ў Лідзе.
У будынку Лідскага раённага суду Уладзімір Федаровіч будзе судзіць Сцяпана Якуця. 46-гадовы Якуць быў затрыманы яшчэ 18 кастрычніка 2022 году. На відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына кажа, што быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу супрацоўнікаў міліцыі ў інтэрнэце.
Фігуруюць наступныя артыкулы Крымінальнага Кодэксу:
ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак),
ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі),
ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі),
арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).
Працэс пачнецца а 15-й гадзіне.
У гэты ж дзень суддзя Аляксандр Мішуроў пачне працэс у дачыненні да іншага лідзяніна – Ільі Мазоля.
Ілья Мазоль абвінавачваецца па адным артыкуле Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Пачатак працэсу прызначаны на 14.30
Аляксандр Мішуроў вядомы тым, што ў снежні 2022 году прысудзіў лідзяніну Андрэю Красніку тэрмін тры гады і 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, у верасні таго ж году прысудзіў Валерыю Тумілевічу паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі, а яшчэ раней – у траўні таго ж году дадаткова засудзіў 23-гадовага палітвязня Арцёма Касакоўскага да яшчэ паўтара году зняволення.