Суд Кастрычніцкага раёну Гародні 6 лютага засудзіў мясцовага жыхара Паўла Біча да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму за прапаганду або публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі паводле артыкулу 341-1 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Пра прысуд распавялі на дзяржаўным тэлеканале «Гродна +». Вядоўца перадачы расказвае, што, паводле матэрыялаў справы, гарадзенец 1990 года нараджэння неаднаразова публічна «дэманстраваў нацысцкія татуіроўкі» на тэрыторыі аўтавакзала. У мужчыны былі набіты нямецкія арлы на левай і правай баку шыі і нацысцкая свастыка на сярэднім пальцы правай рукі.

У сюжэце кажуць, што мужчына быў неаднаразова судзімы, піша “Медыязона”.

Раней Паўла Біча за татуіроўкі ўжо затрымлівалі два разы.