У гарадзенскага журналіста, культурна-грамадскага дзеяча, а цяпер палітвязня Паўла Мажэйкі адбылося спатканне з маці ў гарадзенскай турме. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Ірына Чарняўка.

Размова ў СІЗА Гарадзенскай турмы адбывалася праз шкло і тэлефонныя слухаўкі. У Мажэйкі па-ранейшаму на руках сляды ад кайданак і след ад удару пад левым вокам. Жонка палітвязня лічыць, што гэта засталося яшчэ ад катаванняў пры затрыманні.

Дакладнай інфармацыі пра крымінальную справу журналіста і ў чым яго афіцыйна абвінавачваюць няма дагэтуль.

Напомнім, што Павел Мажэйка быў затрыманы і арыштаваны 30 жніўня ў Гародні, калі вярнуўся туды з Беластоку. Ужо больш 5 месяцаў ён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА гарадзенскай турмы. За што — дакладна невядома дагэтуль, яго адвакат знаходзіцца пад жорсткай падпіскай аб неразгалошванні. Тэрмін “следства” цэлы час падаўжаецца.

Падтрымайце Паўла: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Павел Іванавіч Мажэйка