
Незвычайны лот выстаўлены на аўкцыённай пляцоўцы Дзяржкаммаёмасці, таргі па ім пройдуць 24 лютага, піша «Анлайнер».
Пабудова пазначаная як «вяндлярня». Цяпер яна знаходзіцца на балансе аддзелу культуры Наваградскага раённага выканкаму.
Будынак вяндлярні — гісторыка-культурная каштоўнасць, пабудаваная на стыку XIX-XX стагоддзяў. Ніжняя яго частка — з цэглы, а над ёй высокі гонтавы дах, уся канструкцыя завяршаецца невысокім шатром.
Гэтая вяндлярня адносіцца да сядзібы Храптовічаў. Іх палац згарэў у Першую сусветную, але часткі былога комплексу захаваліся, у тым ліку гаспадарчыя пабудовы.
Пачатковая цана старадаўняй вяндлярні — 9950 рублёў.
Як расказалі «Анлайнеру» ў Навагрудскім райвыканкаме, гэта ўжо не першы аўкцыён па вяндлярні. Спачатку цана была ў два разы вышэйшая. Увогуле ж на таргі выстаўляўся цэлы комплекс будынкаў былой сядзібы, астатнія ўжо прададзеныя.
Па ўмовах аўкцыёну, пакупнік павінен правесці рэканструкцыю, рэстаўрацыю і абнаўленне аб’екта. Выкарыстоўваць пабудову трэба «пад мэты, якія не супярэчаць заканадаўству», на працягу двух або трох гадоў. Так як гэта помнік архітэктуры, то трэба будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства.
https://nashaniva.com