8 лютага Анджэя Пачобута засудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Журналіст, актывіст Саюза палякаў у Беларусі ўжо амаль два гады знаходзіцца за кратамі ў гарадзенскай турме.

У эфіры Беларускага Радыё Рацыя пабываў родны брат палітвязня – Стась Пачобут, вядомы рок-музыкант, які расказаў пра тое, якім ёсць ягоны брат Андрэй.

РР: Калі вы апошні раз бачыліся з братам?

Стась Пачобут: За дзень да яго затрымання. Я быў у Гародні і бачыўся з ім. Даведаўся пра яго затрыманне ўжо седзячы ў аўтобусе ў Менск.

РР: А было такое адчуванне, што гэта можа прывесці да суда, да турмы?

Стась Пачобут: Змаганне Анджэя і рэжыму цягнецца ўжо не першы год. І мне падаецца, што гэта не асобны элемент, што яму прысудзілі гэтыя 8 год, а гэта проста працяг.

РР: Кожны разумее, што гэты прысуд – гэта вынік таго, што Анджэй робіць як журналіст, актывіст Саюза палякаў на Беларусі. І ўсе крымінальныя закіды проста абсурдныя.

Стась Пачобут: Такія ж самыя фантазіі, якія былі ў 1937 годзе падчас сталінскіх рэпрэсій.

РР: Што вы падумалі, калі пачулі прысуд?

Стась Пачобут: Я не чакаў, што будзе нешта іншае. Я чакаў, што будзе 8 – 12 год. Гэта ў арыгінале мусіць гучаць, што да смерці Лукашэнкі.  Таму што я не думаю, што гэты чалавек дажыве 10 – 12 год.

РР: Як трымаюцца бацькі? Калі не памыляюся, яны былі ў судзе, калі агучваўся прысуд.

Стась Пачобут: Так, былі. Ну, бацькі трымаюцца. Што застаецца? Не вельмі добрую старасць мы ім наканавалі.

РР: Раскажыце нам штосьці пра Андрэя як брат, тое, чаго няма ў афіцыйных біяграфіях. Які ён чалавек?

Стась Пачобут: Ён вельмі ўпарты. І калі ён ставіць мэту, то ён проста не зыдзе з гэтага шляху. Я ведаю з дзяцінства і памятаю гэта. Але мне зараз цяжка пра гэта размаўляць, таму што калі я пачынаю думаць пра дзяцінства, то ў мяне адчуванне паховін. А Андрэй змагаецца, таму думаем пра будучыню.

РР: А як вас у дзяцінстве выхоўвалі вашыя бацькі?

Стась Пачобут: Ад бацькі дадзена было тое, што мы – палякі, якія нарадзіліся ў Беларусі. “Kto ty jesteś ? Polak maly” – гэта першы вершык, якому мы навучыліся.

РР: У Анджэя вялікае адчуванне справядлівасці і любоў да праўды. У яго было такое mоtto: толькі праўда можа быць цікавай.

Стась Пачобут: Так. У яго такое mоtto. Гэта чалавек, які не будзе хавацца, толькі праўда і ўсё.

Слухайце поўную размову ў далучаным файле: