У Гарадзенскім абласным судзе 13 лютага пачнецца яшчэ адзін карны працэс паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу (“Здрада дзяржаве”).

Пад рэпрэсіўны апарат дзяржавы на гэты раз патрапіў Аляксей Лешчанка. Вядома, што раней гэты чалавек вучыўся на юрыдычным факультэце па спецыяльнасці “Правазнаўства” і быў участковым міліцыянтам. Паводле іншых звестак Аляксей Лешчанка – індывідуальны прадпрымальнік. Дэталі і матывы завядзення крымінальнай справы супраць яго пакуль невядомыя.

Працэс у абласным судзе будзе весці Мікалай Рачынскі, суддзя, на рахунку прысудаў якога шмат палітычна матываваных крымінальных справаў.

Раней паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу ў абласным судзе судзілі журналіста Дзяніса Івашына і Валерыя Троцкага. Івашына ў верасні 2022 году суддзя Валерый Раманоўскі засудзіў ажно да 13 гадоў і 1 месяца калоніі. Троцкага судзіў той самы Мікалай Рачынскі. Працэс пачаўся 19 снежня, яго працяг ці вынік пакуль невядомы.