Актывісты ініцыятывы «Р*бочы рух» мінулай ноччу спынілі дзве фуры на беларуска-літоўскай мяжы. Яны сцярджаюць, што машыны перавозілі мінеральныя ўгнаенні завода «Гродна Азот», які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза.

Акцыя з блакаваннем руху шматтонных грузавікоў была арганізавана ў памежным пункце пропуску Райгардарс (з боку Беларусі — Прывалка). Паведамлялася, што прадстаўнікі «Р*бочага руху» здзейснілі яе сумесна з іншымі баларускімі актывістамі.

Удзельнікі акцыі падкрэслілі, што правялі яе «для прыцягнення ўвагі кантралюючых органаў да існуючых шэрых схем, якія актыўна выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі і дапамагаюць яму ўзбагачацца».

Таксама на месцы падзей прысутнічалі журналісты «Беларускага расследвальніцкага цэнтра», які анансуе на сваім ютуб-канале падрабязны расповяд пра гісторыю з абыходам санкцый праз беларуска-літоўскую мяжу — пра «схему і яе ўдзельнікаў».

«Мы працуем над расследаваннем аб увозе беларускіх угнаенняў у Еўрасаюз у абыход санкцый. Пры падрыхтоўцы матэрыялу мы натыкнуліся на цэлую сетку маршрутаў па перавозцы падсанкцыйных угнаенняў з Беларусі ў ЕС», — гаворыцца ў тэлеграм-канале БРЦ.

Таксама адзначаецца, што кіраўніку Беларускага расследвальніцкага цэнтра Станіславу Івашкевічу ўдалося пагутарыць з кіроўцам адной з фур, і той прызнаў: угнаенні пагрузілі ў яго машыну на прадпрыемстве «Гродна Азот», якое знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, а ўвоз яго прадукцыі на тэрыторыю ЕС забаронены.

Начная гісторыя з блакаваннем фур скончылася ўмяшальніцтвам літоўскіх уладаў. Спачатку на месца прыбылі паліцыянты, потым — прадстаўнікі мытні. Грузавікі ўвесь гэты час знаходзіліся на абочыне.

Паведамляецца, што ў рэшце рэшт фуры з гродненскімі ўгнаеннямі былі вернуты на пункт кантролю, а журналісты БРЦ перадалі літоўскім уладам дакументальныя доказы абыходу санкцый.

Нагадаем, што з 9 лістапада ў Беларусі судзяць дзесяць чалавек па «справе «Рабочага руху». Ім выстаўлены цэлы стос крымінальных артыкулаў і пагражае да 15 гадоў зняволення. Па справе праходзяць палітвязні Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цярэневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль. Усе яны не прызналі ў судзе сваёй віны.

Новы Час