Намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Яраслаў Сэлін заявіў, што варта падумаць аб закрыцці ўсёй мяжы з Беларуссю ў адказ на рэпрэсіі супраць палякаў.

Як сказаў Яраслаў Сэлін у эфіры Польскага радыё, гэта балючы крок для Менску, але поўнае вырашэнне пытання рэпрэсій супраць палякаў адбудзецца «пасля падзення рэжыму Лукашэнкі, і толькі пасля падзення маскоўскага рэжыму». На думку Сэліна, пасля гэтага Польшча зможа пачаць супрацоўніцтва з Беларуссю на нармальных умовах. Ён адзначыў, што ў Беларусі і за яе межамі ёсць палітычныя сілы, гатовыя ўзяць уладу і кіраваць «нармальна, цывілізавана і дэмакратычна». «Мы чакаем гэтага моманту, але, на жаль, пакуль захоўваецца рэжым Лукашэнкі», — цытуе Сэліна Беларуская служба Польскага радыё.
На мінулым тыдні пасля васьмігадовага прысуду актывісту Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту Польшча прыпыніла рух на памежным пераходзе ў Баброўніках.
Беларускае Радыё Рацыя