
Беларуская грамадская і культурная дзяячка Таццяна Маліноўская (дзявочае прозвішча Петухова) нарадзілася 14 лютага 1953 года ў Гародні. Па адной лініі паходзіла з Беласточчыны, яе маці Валянціна Галубовіч з роду Кавэцкіх нарадзілася ў Саколцы, сям’я пэўны час жыла ў Гаркавічах. Пазней адно з родавых прозвішчаў – Кавэцкая – Таццяна Маліноўская выкарыстоўвала як псеўданім, у тым ліку і ў газеце «Пагоня». Калі сям’я пасля смерці дзеда пераехала ў Беларусь, бо там былі сваякі бабулі, то пасялілася на Наваградчыне ў Нягневічах. А дом у Гаркавічах перайшоў мясцоваму лясгасу.
Таццяна Маліноўская скончыла гарадзенскую сярэднюю школу №2, пазней вучылася на гістарычна-педагагічным факультэце гарадзенскага педінстытуту. Працавала метадыстам абласнога Палацу піянераў, настаўніцай гісторыі, грамадазнаўства і беларускай літаратуры ў СШ №1, навуковым супрацоўнікам Гарадзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея. Скончыла аспірантуру на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. У 1987−1990 гг. узначальвала аддзел гісторыка-археалагічных даследаванняў гарадзенскіх майстэрняў інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя». Валодаючы саліднымі навыкамі архіўных пошукаў, карпатліва назапашвала матэрыялы па гісторыі архітэктурных помнікаў Гародні, гісторыі дамініканскага кляштара, рэгулярнай забудовы раёна вуліцы Траецкай.
З 1990 года Таццяна Маліноўская працавала выкладчыцай кафедры беларускай культуры Гродзенскага ўніверсітэту. Вывучала архітэктуру Гарадзеншчыны, беларускае народнае мастацтва, выяўленчае мастацтва. У 1992 годзе Маліноўская, якая яшчэ раней была абраная на першых дэмакратычных выбарах 1990 года дэпутаткай гарадскога савету, стала адной з стваральніц і першай старшынёй гродзенскай абласной філіі (да 1999 года) Фонду падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Льва Сапегі. Арганізацыя паспяхова дзеіла на карысць мясцовага самакіравання, супрацавала з гарадскімі ўладамі, праводзіла шмат адукацыйных і асветніцкіх семінараў, навучанняў, выездаў у блізкае замежжа.
Таццяна Маліноўская была сябрам Беларускага Народнага Фронту і дэпутатам гарсавету Гародні, кадэнцыя якога ў звязку з тым, што выбары 1995 года не адбыліся, была падоўжана яшчэ на некалькі год. У ліку невялікай колькасці дэмакратычных дэпутатаў гарсавета і абласнога савета шмат зрабіла для культурнага развіцця горада над Нёманам. Была сябрам гарадской тапанімічнай камісіі. Дзякуючы і яе намаганням некаторым вуліцам горада былі вернуты гістарычныя назвы.
Была замужам за Аляксандрам Маліноўскім, таксама вядомым у Гародні чалавекам, мела дачку Наталлю, якая пазней стала беларускай мастацтвазнаўцай. Ва ўтульным прыватным доме, а летам – дворыку Маліноўскіх на ціхім завулку Цагляным, што ў старой частцы гораду, перыядычна збіралася гродзенскія сябры сям’і.
Таццяна Маліноўская была актыўнай хрысціянкай у групе гарадзенскай беларускамоўнай каталіцкай інтэлігенцыі. Цэлы час цікавілася грамадскім і культурным жыццём Гародні. Апошнія месяцы свайго жыцця як звычайна выяўляла грамадскую салідарнасць і неаднаразова са сваёй сціплай пенсіі ахвяравала сродкі для пацярпелых ад рэпрэсій. У разгар эпідэміі каронавірусу памерла яе маці. Таццяна Маліноўская таксама захварэла, яе не стала 5 лістапада 2020 года, яе муж памёр менш чым праз год. Пахаваныя Маліноўскія на гарадзенскіх могілках, што па праспекце Касманаўтаў.