З 15 лютага ў Музеі кнігі ўпершыню выстаўляюцца ўнікальныя экспанаты — вернутыя на радзіму кнігі з вядомага гістарычнага кніжнага збору Храптовічаў, — паведамляе Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Каштоўныя выданні з бібліятэкі Храптовічаў вярнуліся ў Беларусь з Германіі ў 2023 годзе дзякуючы дзейнасці дыпламатычнага прадстаўніцтва па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Бібліятэка Храптовічаў існавала з другой паловы XVIII да пачатку ХХ стагоддзя ў маёнтку Шчорсы (цяпер — Наваградскі раён). Яе заснаваў канцлер Яўхім Літавор Храптовіч. Кніжны збор лічыўся адным з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе ўжо ў XVIII стагоддзі.

Сядзіба ў Шчорсах. Сучасны стан

Бібліятэка змяшчала творы антычных аўтараў, французскай і італійскай класічнай літаратуры, працы па гісторыі розных краін, рукапісы.

Два выданні канца ХVIII — XIX стагоддзяў па-французску, прысвечаныя падзеям, звязаным з такімі вядомымі гістарычнымі асобамі, як першы імператар Расейскай імперыі Пётр I і англійскі палкаводзец і палітычны дзеяч Джон Чэрчыль, герцаг Мальбара, папоўняць фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Асобнікі маюць пазнакі былых уладальнікаў — пячаткі і экслібрыс Храптовічаў.

З выданнямі можна азнаёміцца ў Музеі кнігі (пам. 347) да 28 лютага 2023 года.