У Гарадзенскім абласным судзе 17 лютага абвешчаны прысуд па справе 31-гадовага палітвязня Кірыла Сусліна, якога затрымалі за каментары па “справе Зельцэра”, а звінавацілі па зусім іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Судовы працэс, які пачаўся 6 лютага, вёў суддзя Віталь Кулеш. 

Палітзняволены Кірыл Суслін быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, пачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі  супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. 26 снежня 2021 Кірыл быў пераведзены са следчай турмы № 8 у менскі СІЗА-1, а напрыканцы снежня мінулага года перавялі ў гарадзенскую турму № 1.

Але яго звінавацілі па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
  •  ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі).

У лісце да маці палітвязень пісаў, што яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым.

Суд прызнаў Сусліна вінаватым і пастанавіў пакараць яго зняволеннем тэрмінам на два з паловай гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вясна