
МУС Беларусі чарговы раз абнавіла “Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Цяпер у спісе 2442 прозвішчы, з іх 26 — новыя.
У спіс дадалі, у тым ліку, кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева і журналіста Алеся Любенчука, які паходзіць з Гарадзеншчыны і якога затрымалі ў Івейскім раёне.
У кастрычніку 2022 года Брэдзелева асудзілі на 4 гады калоніі. Яго абвінавачвалі ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 КК РБ). Суд над Алесем Любенчуком таксама адбыўся ўвосень 2022 года. Яго судзілі паводле артыкула “Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім” (ч. 3 арт. 361-1 КК ) і прагаварылі да 3 гадоў калоніі. Абодвух праваабаронцы прызналі палітвязнямі.