18 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ аб заснаванні нагруднага знака дзяржаўнага цывільнага службоўца.

Выдаваць такі знак адрознення будуць усім цывільным дзяржслужбоўцам пад роспіс цягам тыдня пасля займання пасады, гаворыцца ў дакуменце.

Дзяржслужбоўцы павінны будуць насіць нагрудны знак пры рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў і забеспячэнні функцый дзяржорганаў або службовых асобаў цягам усяго тэрміну знаходжання на дзяржслужбе, у тым ліку калі іх перавядуць на іншую пасаду або ў іншы дзяржорган.

Насіць значок трэба будзе на левым баку формы або адзення афіцыйнага стылю. Яго можна спалучаць з іншымі знакамі адрознення. Уладальнік абавязаны забяспечваць захаванасць значка.

Значок застанецца з уладальнікам і пасля заканчэння службы, але без права нашэння. А вось калі чыноўніка звольняць па дыскрэдытуючых абставінах, дык знак трэба будзе здаць.

Выпуск нагрудных значкоў для чыноўнікаў будуць фінансаваць у рамках сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім або мясцовых бюджэтах на ўтрыманне адпаведных дзяржорганаў і арганізацый.