
„Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму”. У Менскім гарадскім судзе сёння распачынаецца суд над палітзняволеным заснавальнікам крамы Symbal.bу і культурніцкім мэнэджэрам, нараджэнцам Ліды, Паўлам Белавусам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за „здраду дзяржаве”.
У абвінавачванні гаворыцца, што Павел „распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму”, вёў „антыдзяржаўную дзейнасць”, „стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы”. Таксама Паўла абвінавачваюць у „кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем” — «Беларускай Радай культуры”, якая была прызнана „фармаваннем”, калі палітвязень ужо як сем месяцаў утрымліваўся пад вартай.
Карны працэс вядзе суддзя Жанна Брысіна. Яна абвесціла, што ён будзе ісці ў закрытым рэжыме. На самым пачатку судовага паседжання дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме «з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі». Суддзя канешне ж яго задаволіла.
За кратамі Павел утрымліваецца адзін год і тры месяцы, яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.