Гарадзенскі гурт DZIECIUKI выпусціў у свет міні-альбом „Зямля, агонь ды вада”.  

Пра гісторыю стварэння альбома распавядае вакаліст гурта Алесь Дзянісаў:

– У 2020 годзе планавалі запісаць вялікі альбом. Мы пачалі яго запіс, але вядомыя падзеі прывялі да таго, што мы проста вырашылі, што не паспеем яго запісаць. Шмат хто з нашых ужо планаваў выехаць з краіны. Мы паспелі запісаць толькі пяць песень. Альбом планаваўся такі гармідарны, у стылі першага альбому, то бок вясёлыя песні, сур’ёзныя песні і ўсё гэта ўперамешку ў такім гармідары.

Тры песні, якія выйшлі ў міні альбоме „Зямля, агонь ды вада” у 2023 годзе, па словах Алеся Дзянісава, з’яўляюцца вельмі канцэптуальнымі:

– Тры персанажы, якія прысутнічаюць у гэтых трох песнях, яны адлюстроўваюць гэтыя тры стыхіі. То бок Рэйтана, які змагаўся за зямлю. Такі легендарны князь Усяслаў Чарадзей – „Вагонь” – кавер у перакладзе Андрэя Хадановіча. „Зялёныя палі маёй зямлі” – там галоўнага героя ўвозяць на караблі ў Новую Зеландыю ці ў Аўстралію.

Песні з міні-альбому можна паслухаць на розных пляцоўках у інтэрнэце ў адкрытым доступе.

Удзельнікі гурта пасля падзей 2020 году былі вымушаны з-за рэпрэсій пакінуць Беларусь. Цяпер яны выступаюць з канцэртамі ў Польшчы, Літве ды іншых краінах Еўропы.

Беларускае Радыё Рацыя