22 лютага ў Гародні карны канвеер у судах працягвае сваю чорную справу. У будынку абласнога суда Мікалай Рачынскі працягвае судзіць Аляксея Лешчанку паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу (“Здрада дзяржаве”), гэты працэс пачаўся 13 лютага. Дэталі і матывы завядзення крымінальнай справы супраць Лешчанкі невядомыя. Нібыта раней гэты чалавек вучыўся на юрыдычным факультэце па спецыяльнасці “Правазнаўства” і быў участковым міліцыянтам. Паводле іншых звестак Аляксей Лешчанка – індывідуальны прадпрымальнік.

У тым жа будынку па вуліцы Карбышава Васіль Скок вядзе працэс па справе Андрэя Шкляра. Суд над Шклярам пачаўся ў Гарадзенскім абласным судзе 20 лютага. Суддзя — Васіль Скок, судовыя паседжанні закрытыя. Шкляра судзяць паводле арт. 356 ч.1 КК (Здрада дзяржаве) і арт. 407 КК (Разгалошванне дадзеных дазнання).

Андрэю Шкляру 38 гадоў, ён працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай сістэмы Кастрычніцкага РАУС у Гародні. Незадоўга да арышту ён падаў рапарт на звальненне, бо быў нязгодны з тым, як працуе сістэма. Затрымалі Шкляра яшчэ ў лістападзе 2021 году.

Пасля абеду а 14.15 у тым жа абласным судзе Максім Філатаў будзе судзіць яшчэ аднаго арыштаванага па палітычна матываванай справе. На лаве падсудных – Павел Абозны. Ведама, што ён нараджэнец Украіны, а затрыманы меркавана за тое, што хацеў ваяваць ва Украіне. Абозны – спартовец, чэмпін Еўропы па кікбоксінгу. Яму інкрымінуюць адразу тры артыкулы Крымінальнага кодэксу:

заўвага 1, частка 1, арт. 333 – Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕЭС ці Дзяржаўную мяжу РБ моцнаатрутных рэчываў, радыёактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боезапасаў і выбуховых рэчываў;

частка 3 арт. 295 – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боезапасаў і выбуховых рэчываў;

заўвага 3, частка 1 артыкулу 361 – Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці збройным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка ці рыхтоўля асобаў да такога ўдзелу.