
Увечары 24 лютага ў Беластоку прайшла амаль тысячная акцыя супраць расейскай агрэсіі. Яна была прымеркавана да гадавіны ўварвання маскоўскага войска з тэрыторыі фактычна акупаванай Беларусі на тэрыторыю суверэннай Украіны.
У супольнай акцыі ўзялі ўдзел украінскія бежанцы, беларускія палітычныя уцекачы, мясцовыя карэнныя жыхары – палякі і беларусы. Ініцыятыва ў правядзенні акцыі належала беларускай дыяспары, яе актыўна падтрымалі мясцовыя ўлады. Асноўная частка акцыі праходзіла на цэнтральным пляцы гораду – Рынку Касцюшкі. Ля помніка Юзафу Пілсудскаму украінскія дзеці спявалі гімн і іншыя песні, прамаўлялі прадстаўнікі мясцовых уладаў, украінскай і беларускай дыяспараў. Потым прысутныя ўзялі ў рукі запаленыя знічы і рушылі шэсцем да будынку драматычнага тэатра. На пляцы перад тэатрам знічы жоўтага і сіняга колераў былі расстаўлены ў адмысловым парадку. Уся акцыя была прасякнута духам салідарнасці трох суседніх народаў, якія зараз у розны спосаб змагаюцца з імперскім агрэсарам.

















