
Традыцыйны кірмаш «Казюкі», прымеркаваны да дня Святога Казіміра, пройдзе ў Гародні 4 сакавіка. Цэнтральнай тэмай сёлетняга свята стане саломапляценне. Пляцоўку пад кірмаш арганізуюць на Савецкай плошчы, паведаміў «Вечерний Гродно».
У цэнтры гораду ўсталююць намёт. У ім выставяць вырабы з саломы, таксама на пляцыы адбудуцца майстар-класы ад рамеснікаў і майстроў з раённых дамоў рамёстваў.
У народным аматарскім аб’яднанні майстроў і мастакоў «Гарадзенскі каларыт» сабралі больш за сто заявак на ўдзел у кірмашы. «Сёлета атрымалі шмат заявак з Пінска, Магілёва, Віцебска і Гродна», — сказала кіраўніца арганізацыі «Гарадзенскі каларыт» Алена Маліноўская. Але сёлета майстры з-за мяжы не падалі аніводнай (!) заявы на ўдзел. Раней на такое свята традыцыйна прыязджалі майстры з суседніх Летувы і Польшчы.