27 лютага ў Беластоку прайшла чарговая штомесяцавая акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута, Анжалікі Борыс, іншых палітвязняў. На акцыю салідарнасці ля помніка Ежы Папялушку, што ў цэнтральным гарадскім парку, прыйшло каля 40 чалавек – пераважна грамадскія актывісты беларускіх і польскіх арганізацый, якія апынуліся ў выгнанні.

На акцыі выступілі Ян Роман, Марэк Занеўскі, Марына Цішкоўская і Сяргей Верамеенка. Яны згадвалі зняволеных актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, Марэк Занеўскі добрым словам прыгадаў Алеся Бяляцкага, які заўсёды прынцыпова падтрымліваў польскую меншасць у Беларусі і выступаў супраць яе дыкрымінацыі. Сяргей Верамеенка расказаў пра гісторыю зняволення Галіны Дзербыш.