
У касцёле Маці Божай Ружанцовай ў мястэчку Солы (Смаргонскі раён) зафарбавалі фрэску «Цуд на Вісле». Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў Вітэк Корыбут-Дашкевіч. Фрэску ўжо аднойчы зафарбоўвалі – у савецкі час.
На фрэсцы выяўлена Варшаўская бітва 1920 года — пераломны момант савецка-польскай вайны. Тады польскія войскі спынілі наступ Чырвонай арміі на подступах да Варшавы. На фрэсцы можна ўбачыць святара, які малітвай узмацняе вайскоўцаў.

У снежні 2022 года на тэлеканале «Беларусь 1» апублікавалі сюжэт. У ім прапагандыстка Ксенія Лебедзева абурылася гэтай фрэскай ў касцёле. На яе думку, яна «заклікае да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці». Мы пісалі раней пра гэтую гісторыю.
На загад уладаў фрэску цяпер зноў, як і ў савецкі час, зафарбавалі.

