Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут падаў апеляцыю на вырак. Як паведаміла ў фэйсбуку жонка палітвязня Аксана, у лісце з Гарадзенскага СІЗА Пачобут прасіў перадаць вітанні і падзяку за памяць пра яго, «як мага большай колькасці людзей».

Ад сваякоў палітвязня стала вядома, што Анджэй падаў апеляцыйную скаргу на вынесены яму вырак. Анджэй піша, што ў турме яму нечакана вырашылі зладзіць «вясёлае жыццё». Вядома, што тыдзень яго трымалі ў камеры-адзіночцы.

Як паведамлялася, працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі з невядомых прычын. У выніку суддзя Дзмітры Бубенчык прысудзіў журналісту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.