Вашай увазе краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны на сакавік месяц.

1 сакавіка

90 гадоў таму (1933) – У ссылцы памёр Уладзімір Жылка, беларускі паэт, перакладнік, публіцыст. Пахаваны ў Уржуме (Ніжагародзкая вобл., Расея). У 1914 годзе скончыў вучэльню ў Міры. Нараджэнец вёскі Макашы Наваградскага павету (цяпер Нясьвіжскі р-н).

90 гадоў таму (1933) – У вёсцы Цёмнае Балота (цяпер Сасновы Бор) нарадзіўся Аляксандр Жалкоўскі, беларускі краязнавец, публіцыст. З 1962 г. жыў і працаваў у Лідзе.

2 сакавіка

90 гадоў таму (2003) – Памерла Ванда Банішэўская, сястра супольнасьці Сёстры ад Анёлаў, носьбітка стыгматаў, вязьня ГУЛАГу. Нараджэнка в. Новая Каменка (Наваградзкі р-н).

10 гадоў таму (2013) – У в. Вецявічы (Слонімскі р-н) памёр Мікола Арочка, беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, перакладнік. Пахаваны ў роднай вёсцы.

5 гадоў таму (2018) – У Менску памёр Георгі Штыхаў, беларускі археолаг і гісторык. Працаваў у школах Гарадзеншчыны.

3 сакавіка

190 гадоў таму (1833) – У Шылавічах (Слонімскі р-н) памёр Войцэх Пуслоўскі (нар. у в. Пескі, Слонімскі пав.), буйны землеўласьнік, прамысловец, слонімскі павятовы маршалак у 1797-1816 гг.

110 гадоў таму (1913) – У Кракаве памёр Зыгмунт Пуслоўскі, мецэнат, калекцыянер. Ён нараджэнец Альбярціну, які цяпер фактычна ў межах Слоніма.

105 гадоў таму (1918) – У Берасьці паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай была падпісаная мірная дамова, паводле якой Беларусь страціла значную частку сваёй тэрыторыі.

4 сакавіка

280 гадоў таму (1743) – Нарадзіўся Геранім Сангушка, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, генерал ВКЛ. У час вызвольнага паўстаньня 1794 году ўзначаліў у Гародні войскі ВКЛ.

15 гадоў таму (2008) – У Вільні памерла Вера Спарычанка-Шостак, настаўніца, актывістка беларускага руху. Яна паходзіла з вёскі Запольле на Наваградчыне.

6 сакавіка

140 гадоў таму (1883) – У в. Варонічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Іван Бялькевіч, беларускі мовазнавец, педагог, аўтар слоўнікаў.

8 сакавіка

465 гадоў таму (1558) – У Лукішках (зараз у межах Вільні) нарадзіўся Альбрыхт Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў маёнткамі Лаздуны, Геранёны (Івейскі р-н).

95 гадоў таму (1928) – У Празе памёр Пётра Крэчаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, паэт, гісторык, старшыня Рады БНР. Пахаваны на Альшанскіх могілках. Нараджэнец в. Дубна (Мастоўскі р-н).

9 сакавіка

185 гадоў таму (1838) – У Пецярбургу памёр Язафат Булгак, уніяцкі мітрапаліт, базыльянін. Пахаваны на праваслаўных могілках Сергіевай пустыні паблізу Пецяргофа. Вучыўся і выкладаў у Жыровічах.

105 гадоў таму (1918) – Абвяшчэньне Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага зьезду Другой Устаўной граматы БНР.

70 гадоў таму (1953) – У Лювэне (Бельгія) памёр Мікола Равенскі, кампазітар, фальклярыст, аўтар беларускага гімну “Магутны Божа”, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Бельгія). У 1905-12 гг. жыў і працаваў у Наваградку.

10 сакавіка

355 гадоў таму (1668) – У г. Белая (Берасьцейскае ваяв.) нарадзіўся Юры Юзаф Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў Карэлічамі, Смаргоньню.

80 гадоў таму (1943) – У лесе пад Лідай фашысты расстралялі 9 каталіцкіх сьвятароў. Перапахаваныя пазьней на Астраўлянскіх могілках.

14 сакавіка

160 гадоў таму (1863) – На Гарадзенскім чыгуначным вакзале адбыўся бой паўстанцаў з расейскім войскам. Частка атраду здолела пакінуць горад, але бальшыня паўстанцаў была арыштаваная.

80 гадоў таму (1943) – У Празе памёр Васіль Захарка, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР з 1928 па 1943. Нараджэнец в. Дабрасельцы (Зэльвенскі р-н). Пахаваны на Альшанскіх могілках.

15 сакавіка

70 гадоў таму (1953) – У Клецку нарадзіўся Валеры Задаля, беларускі журналіст, грамадзкі дзеяч. Жыў і працаваў у Наваградку, Ваўкавыску, Гародні.

16 сакавіка

170 гадоў таму (1853) – У Паставах памёр Канстанцін Тызенгаўз, асьветнік, прыродазнавец. Нараджэнец мяст. Жалудок (Шчучынскі р-н).

15 гадоў таму (2008) – У Шчучыне памёр Вацлаў Дзежыц, беларускі краязнавец. Пахаваны на старых шчучынскіх каталіцкіх могілках.

18 сакавіка

265 гадоў таму (1758) – У Вільні памёр Тамаш Жаброўскі, беларускі асьветнік, архітэктар, астраном, матэматык. Нараджэнец маёнтку Дзятлава (Дзятлаўскі р-н).

19 сакавіка

255 гадоў таму (1768) – У Шчорсах (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Адам Храптовіч, асьветнік, мецэнат мастацтваў і навукі, удзельнік паўстаньня 1794 г. Заснаваў у Шчорсах буйную пачатковую школу.

22 сакавіка

5 гадоў таму (2018) – У в. Ёдкі (Лідзкі р-н) усталявалі памятны камень “100 год БНР”.

23 сакавіка

105 гадоў таму (1918) – Рада БНР абвясьціла Гарадзеншчыну беларускай тэрыторыяй.

90 гадоў таму (1933) – Памёр Уладзімер Пянткевіч, кіраўнік Ўсходняй місіі, супэрыёр законнага дому Айцоў Езуітаў ў Альбярціне.

45 гадоў таму (1978) – У Менску памёр Рыгор Шырма, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, харавы дырыжор, фальклярыст, публіцыст. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках. З 1944 па 1952 гг. жыў і працаваў у Гародні.

25 сакавіка

105 гадоў таму (1918) – Абвяшчэньне Трэцяй Устаўной Граматы БНР. ДЗЕНЬ ВОЛІ.

70 гадоў таму (1953) – У в. Валеўка (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Іван Шэга, беларускі лекар, грамадзка-палітычны актывіст, сябра партыі БНФ.

65 гадоў таму (1958) – У г. Кан (Францыя) у шпіталі памёр Аляксей Кабычкін, беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну. Пэўны час жыў і працаваў у Лідзе.

5 гадоў таму (2018) – У Гародні ў Каложскім парку прайшлі сьвяткаваньні з нагоды 100-ых угодкаў БНР. Удзел у іх узялі ад 500 да 700 чалавек.

28 сакавіка

95 гадоў таму (1928) – У в. Дэгісі (Смургонскі р-н) нарадзіўся Эдуард Сташкевіч, удзельнік беларускага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смургонях у 1949-50 гг.

30 сакавіка

135 гадоў таму (1888) – У в. Якімаўка на Гомельшчыне нарадзіўся Ян Цеханоўскі, беларускі педагог, дырэктар Наваградзкай гімназіі на пач. 1920-ых, пазьней працаваў у Ашмяне.

31 сакавіка

15 гадоў таму (2008) – У Слоніме памёр Андрэй Вайтовіч, беларускі дзеяч вызвольнага руху, сябра БНП, вязень ГУЛАГу. Вучыўся ў Любчы, Наваградку, жыў у Слоніме. Пахаваны ў Слоніме.