
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш у 2003 годзе ўсталявалі на тэрыторыі царквы Святой Тройцы ў Зэльве. Дазвол і бласлаўленне на гэта даваў сам мітрапаліт Філарэт.
Знесці яго “без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці” папрасіла праўладная і прарасейская актывістка Ольга Бондарева. Яна лічыць, што помнік парушае Закон РБ “аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”. Нібыта помнік прыносіць “невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў”.
Як піша Hrodna.life, прыбраць помнік ужо пагадзіліся начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка і намесніца старшыні Зэльвенскага райвыканкаму па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.
Ларыса Геніюш – беларуская паэтка, грамадская дзяячка, патрыётка, вязень сталінскіх лагераў. Пасля вызвалення пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве, дзе і пахаваная.