Беларускі краязнавец, журналіст, публіцыст Аляксандр Жалкоўскі нарадзіўся 1 сакавіка 1933 года на хутары Цёмнае Балота (цяпер Сасновы Бор, Шчучынскі раён, Гродзенскай вобласці). Зямляк Жалкоўскага Валянцін Блакіт у мемуарах “Уваскрасенне ўчарашняга дня” (часопіс “Дзеяслоў” № 6 за 2007 г.) параўноўвае з вёскай Нізок, якая дала шмат літаратараў, роднае Вострава, бо яно было багатае на рэдактараў, вось радкі з расповеду В. Блакіта: “Саша Жалкоўскі доўгія гады рэдагаваў адну з лепшых у рэспубліцы лідскую газету “Уперад”, Саша Сыч – “Астравецкую праўду”, ну і я больш за трыццаць гадоў – “Вожык”. Аўтар мемуараў прыгадвае, як юныя карэспандэнты з Вострава марылі стаць журналістамі і дасылалі свае нататкі ў розныя рэдакцыі. Трэба ўдакладніць толькі, што Жалкоўскі нарадзіўся не ў Востраве, сюды сям’ю яго бацькоў перавезлі немцы на прымусовыя работы ў маёнтак Чаляёршчына з ляснога хутара Цёмнае Балота, а пабудовы на хутары знішчылі.

Пасля сямігодкі Жалкоўскага ўзялі на працу ў суседнюю Астрыну. Летам 1950 года ў мястэчку, якое было цэнтрам Васілішкаўскага раёна, 17-гадовы Саша пачаў працаваць адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты “Ленінскі шлях”. Так пачалася яго журналісцкая біяграфія даўжынёй амаль шэсцьдзесят гадоў. А сасваталі яго на тую пасаду наборшчык мясцовай друкарні Міхаіл Яропкін, які партызаніў у астрынскай старане ў гады нямецкай акупацыі, і рэдактар Платон Дубовік, таксама былы партызан, толькі з Бярэзіншчыны. Яны не памыліліся: пасля атрымання адпаведнай адукацыі іх вылучэнец у розныя гады узначальваў воранаўскую, мастоўскую, лідскую газеты, звыш 15 гадоў працаваў у “Гродзенскай праўдзе”. Пазней у найлепшы для прэсы час супрацаваў з такімі выданнямі, як “Звязда” “Беларуская ніва”, “Літаратура і мастацства”, “Краязнаўчая газета”, “Наша слова”, “Настаўніцкая газета”, “Прынёманскія весці”, “Лідская газета” і іншымі. З 1962 года Жалкоўскі жыў і працаваў у Лідзе.

Як грамадзянін і чалавек Аляксандр Жалкоўскі займаў актыўную жыццёвую пазіцыю. Яшчэ у бытнасць рэдактарам газеты “Уперад” стаў заслужаным донарам. За шматлікія публікацыі пра духоўнасць чалавека быў узнагароджаны медалём “2000 год Хрысціянству”. Жалкоўскі адкрыў шматлікім чытачам імя публіцыста і збіральніка фальклору Лідчыны Земавіта Фядэцкага, сына землеўласніка з маёнтка Лебяда. Тэматыка публіцыстычных матэрыялаў Жалкоўскага даволі разнастайная: падзеі культурнага жыцця рэгіёна, творчая дзейнасць мастацкіх калектываў і асобных паэтаў, скульптараў, мастакоў, музыкаў, грамадскія з’явы, праблемы эканомікі, дзейнасць грамадскіх арганізацый, міжнацыянальныя адносіны, жыццё ўстаноў адукацыі.

Аляксандр Жалкоўскі сустракае Генадзя Бураўкіна і Васіля Быкава, 1974 год

Артыкулы, нарысы, інтэрвію, допісы Аляксандра Жалкоўскага адрозніваюцца глыбокім зместам, каларытнасцю мовы, асабістым поглядам. Публікацыі рэдактара лідскай раёнкі вызначаліся вастрынёй і дакладнасцю, цікавай формай падачы, былі выразна адметны жывым, вобразным словам. Алесь Жалкоўскі цягам усяго жыцця заставаўся змагаром за роднае слова, заступнікам за беларускі народ. У апошнія гады, калі раённыя і абласныя газеты сталі пераважна рускамоўнымі, ён не здаўся, не апусціў рук, не здрадзіў роднай мове.  Быў добра знаёмы з Васілём Быкавым, з якім часта сустракаўся.

Памёр Аляксандр Жалкоўскі 14 красавіка 2011 года.