
Беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, доктар філалагічных навук Мікола Арочка нарадзіўся 10 снежня 1930 году ў вёсцы Вецявічы (Слонімскі раён).

Мікола Арочка (стаіць справа) з бацькам, маці, сястрой і братам на Слонімшчыне, пачатак 1950-х гадоў
Паходзіў з сялянскай сям’і. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна, філалагічны факультэт БДУ, а потым – аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1966), абараніў доктарскую дысертацыю. Усё жыццё працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. У 1958 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Дэбютаваў у друку вершамі Мікола Арочка ў 1949 годзе ў баранавіцкай абласной газеце “Чырвоная звязда. Ужо ў ранніх паэтычных радках паэта абазначаліся матывы, вобразы, якія сталі, па сутнасці, галоўнымі ў яго паэзіі – гэта Бацькаўшчына, зямля, зерне, жыта, жыццё, родная мова… Паэтызацыя бацькоўскай зямлі і свету родных людзей пачалася з першых творчых крокаў і доўжыліся да скону. Мянялася жыццё, а разам з ім мяняўся ракурс яго спасціжэння, паглыбляліся каардынаты вымярэння. Мастацкае слова Міколы Арочкі было прасякнутае турботай пра высокую еднасць духоўнасці і хлеба надзённага – гэта клопат пра гістарычную жыццяздольнасць свайго народа і яго невычэрпныя патэнцыяльныя магчымасці.
Мікола Арочка належаў да пакалення, дзяцінства якога было апалена вайной. Але памяць пра ўласна зведанае ажывала на старонках кніг не адразу, а ў 1960-ыя гады, калі дастатковы жыццёвы і творчы вопыт надаў эмоцыям асэнсаваны характар. Падвышаная ўвага да лёсу народа, яго вялікіх выпрабаванняў і драм усё больш схіляла аўтара да пазнання мінулага.
У паэтычных творах Міколы Арочкі, як піша Міхась Скобла, жыла і змагалася Заходняя Беларусь, падымала народ стотысячная Грамада, галадалі палітзняволеныя на Лукішках. Ён ажыўляў гісторыю. Яшчэ ў 1970-ыя гады, калі ў айчыннай гістарыяграфіі панавала “абецэдаршчына”, паэт напісаў дзве выдатныя драматычныя паэмы – “Курганне” і “Крэва”, якія выйшлі пад адной вокладкай у 1982 годзе, дзе вялікія князі Ягайла і Вітаўт звярталіся да чытача на дзяржаўнай мове Вялікага Княства Літоўскага – беларускай.
У 1991 годзе асобнай кнігай у Менску выйшла з друку новая драматычная паэма Міколы Арочкі “Судны дзень Скарыны”. У ёй аўтар разважае і імкнецца зразумець: у чым была драма Францішка Скарыны – нашага першадрукара? Слаўны дзеяч Адражэння не змог адшукаць на сваёй Бацькаўшчыне сярод духоўных іерархаў і магнатаў паразумення і матэрыяльнай падтрымкі для сваёй жыццёва важнай справы – выдання кніг на мове, з якой Бог “на свет пусціў”. У апошнія гады свайго жыцця паэт паспеў напісаць яшчэ адзін свой гістарычны твор – драматычную паэму “Каранацыя Міндоўга”.

Асноўныя рысы ўсёй паэзіі Міколы Арочкі – сардэчнасць, засяроджаны роздум пра жыццё і час; пазней – паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага падчас вайны (паэма “Матчына жыта”) і гістарычнага мінулага яго найвыдатнейшых драматычных паэм.
Пасля трагічнай смерці двух яго сыноў, Мікола Арочка з жонкай Марыяй Іванаўнай і ўнукам Віталікам прыехалі ў родную вёску на Слонімшчыну. Там ён і пражыў свае апошнія дваццаць тры гады. Там на вецявіцкім пагосце і пахаваны сярод сваіх сыноў.
