Сёння, 3 сакавіка, у Менску быў вынесены прысуд праваабаронцам «Вясны». Суддзя Марына Запаснік прысудзіла 10 гадоў калоніі лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. На сувязі з Беларускім Радыё Рацыя была ў жывым эфіры Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага.

РР: Прызнаюся ў мяне былі, не вялікія, але ж былі спадзяванні, што суд усё ж такі пакажа хоць мінімум прыстойнасці. Я памыліўся. Маем жорсткі прысуд. І першы на планеце прысуд Нобелеўскаму лаўрэату.

Наталля Пінчук: Так. Што тычыцца спадзяванняў, то я такіх спадзяванняў не мела, што суд вынесе іншы вырак. Увогуле я меркавала, што тое, што запатрабуюць пракуроры, тое і прысудзяць. Яны вырашылі паказаць сябе быццам бы тымі, хто можа пайсці і на змяншэнне тэрміну. Але мы разумеем, што гэта мізерныя іхнія спробы. І хутчэй так было разлічана ад пачатку, што суд ішоў па сцэнары раней прапісанаму. Што тычыцца самога прысуду, то ён, вядома, вельмі жорсткі, і мы разумеем, што 10-9-8-7 гадоў, гэта вялізныя тэрміны. Самае змрочнае, самае не зразумелае тое, што часам нават злачынцы, якія пакушаліся на чужое жыццё, якія ўчынялі забойствы, яны не заўсёды атрымліваюць такія вялізныя тэрміны.

РР: Зараз у Беларусі прысуды на 10 і больш гадоў ужо ніякае не дзіва.

Наталля Пінчук: Так, мы ведаем, што да 25 год даходзяць тэрміны.

РР: А калі ў вас была апошняя інфармацыя ад Алеся, у якасці ліста, ці нейкі іншы кантакт?

Наталля Пінчук: Апошні ліст датаваўся 14 лютым. У сувязі з тым, што адбываўся судовы працэс, лісты прыходзілі не часта.

РР: Што пісаў Алесь?

Наталля Пінчук: Ліст быў вельмі кароткім. У тым плане, што калі ёсць нейкая неабходнасць перадаць штосьці, то пішацца вельмі кароткі ліст, каб цэнзары здолелі прачытаць і не затрымлівалі яго. Таму асабліва інфармацыі ніякай. А паведамлялася, што неабходна перадаць.

Цалком размова ў далучаным файле: