Прэзентацыя адразу дзвюх кніжак прайшла 2 сакавіка ў сядзібе Беларускага Радыё Рацыя ў Беластоку. Гэта “‘Зэкамерон” палітвязня Максіма Знака і «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988)» аўтарства Таццяны Астроўскай. З імі прыехалі рэдактарка серыі “Беларуская турэмная літаратура” Алена Лапцёнак і перакладчык Алег Жлутка.

Вёў прэзентацыю Уладзімір Хільмановіч, які на пачатку выканаў песню Максіма Знака. Яўген Вапа прыгадаў гісторыю падпольнага самвыдату на Падляшшы і даўнія сувязі беларусаў Беласточчыны з асяродкамі ў самой Беларусі. Актор Васіль Калач прачытаў некалькі навэлаў з кніжкі “Зэкамерон”.

Прэзентацыя адбылася якраз напярэдадні прысуду па справе “Вясны”. Неаднаразова выступоўцы згадвалі Алеся Бяляцкага, які актыўна спрычыніўся да гісторыі беларускага самвыдату і ўдзельнічаў у многіх выданнях як аўтар і як рэдактар. Алена Лапцёнак і Алег Жлутка распавялі пра акалічнасці выдання і характар прэзентуемых кніг у кантэксце падзей найноўнай гісторыі. Выступоўцы падкрэслівалі, што ажно 6 з 9 аўтараў кніжак серыі “Беларуская турэмная літаратура” зараз знаходзяцца за кратамі. Таму кніга Максіма Знака, на жаль, яшчэ не наша гісторыя, а рэчаіснасць сённяшняга дня.