У Беластоку пасля абвешчання прысуду па крымінальнай справе “Вясны” вядомыя беларускія праваабаронцы і грамадскія актывісты, сябры Саюзу палякаў у Беларусі, выявілі сваю салідарнасць са зняволенымі. Яны сфатаграфаваліся ў знакавым месцы гораду каля помніка Ежы Папялушку і ля банера іншаму палітвязню – Анджэю Пачобуту.

Алесь Капуцкі: Прысуд вясноўцам, сярод якіх да таго ж Нобелеўскі лаўрэат – гэта канчатковы прысуд правам чалавека ў краіне. Калі б рэжыму хапіла мудрасці, можна было б павярнуць усё да пачатку працэса прымірэння ў грамадстве, да чаго і заклікаў у апошнім слове Алесь Бяляцкі. Хоць бы дзеля таго, каб скансалідавацца вакол ідэі захавання незалежнасці нашай краіны, якая імкліва губляецца. Цяпер жа відавочна, што гэтага не прадбачыцца. Думаю, што міжнародная супольнасць зробіць з гэтага адпаведныя высновы.

Ежы Грыгенча: Лідары “Вясны” заўсёды былі ў авангардзе змагання за ўсе правы чалавека ў Беларусі, у тым ліку за правы нацыянальных меншасцяў на сваю адукацыю і культуру, вясноўцы ніколі не кідалі ў бядзе людзей, якіх незаконна карала дзяржава, менскія вясноўцы – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч таксама прыязджалі ў Гародню падтрымліваць Анджэя Пачобута, якога судзілі і раней. Цяпер наша задача – выяўляць максімальна магчымую салідарнасць з вясноўцамі, якія апынуліся за кратамі, з усімі палітвязнямі.

Вольга Івашына: Безумоўна, што ва ўмовах прававога дэфолту рэжым нутранай акупацыі не выпускае тых, каго лічыць сваімі ідэалагічнымі ворагамі. Таму ілюзіяў што да “прысуду” праваабаронцам “Вясны” ў мяне не было. Зрэшты, я наагул нават ня ведаю, у чым іх абвінавачвалі, ды й гэта ня мае ніякага значэння. Усе гэтыя палітычныя “суды” найлепей характарызуюць саму сістэму, створаную й задэкляраваную Лукашэнкам (“иногда не до законов”). Гэтае квазідзяржаўнае ўтварэнне спрабуе навязаць Беларускаму грамадзтву і сусветнай дэмакратычнай супольнасці “права моцнага”, калі калгасны гопнік гвалтам можа запроста кідаць за краты на любы тэрмін нобелеўскага лаўрэата, ня кажучы ўжо пра іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі і звычайных грамадзянаў. Маргіналы захапілі ўладу і куражацца, заяўляючы, “і што вы нам зробіце?”. І гэта, насамрэч, вельмі сімптаматычнае пытанне, адказу на якое ў свеце пакуль няма. Таму мы карыстаемся тымі сродкамі супраціву, якія нам дасяжныя, кшталту мірных акцыяў пратэстаў.

Алена Лапцёнак: Нечаканым хіба сталася тое, што прысуд маім калегам зменшаны на два гады ад запрошанага пракурорам і зразумела, не суддзя прымала гэтае рашэнне, яно прымалася на вышэйшым роўні. Што гэта за сігнал і каму, мне цяжка казаць, як і наколькі магла паўплываць на гэта атрыманая Алесем Бяляцкім Нобелеўская прэміі міру, нібыта пакаранне стала менш жорсткім. Між тым сам факт учыненага судзілішча над Нобелеўскім лаўрэатам застанецца бруднай плямай на сумленні сённяшняй улады. Некалі прэс-сакратарка Лукашэнкі горда адзначыла: дыктатура ў Беларусі – гэта ўжо брэнд. Але гэта страшэнная ганьба! І прысуд праваабаронцам Вясны – такая ж ганьба, як і прысуды тым, каго яны абаранялі цягам не аднаго дзесяцігоддзя, адстойвалі правы і свабоды беларускіх грамадзян, працавалі менавіта на карысць нашай Радзімы. Вясна прыйдзе!