Незвычайны суд пачаўся 6 сакавіка ў Гародні.

Упраўленне унутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму накіравала іск да Віталя Асоцкага, які быў начальнікам Ваўкавыскага РАУС да канца жніўня 2022 году. Раней мы пісалі, што 29 жніўня мінулага году выконваючым абавязкі начальніка быў прызначаны Аляксандр Вайтовіч.

Што датычыць Асецкага, то яго біяграфія такая. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў Гародні. Служыў у войску. Пазней скончыў БІП – Інстытут правазнаўства. У міліцэйскіх органах служыў з студзеня 1996 году. Спачатку ва ўпраўленні крымінальнага вышуку УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, быў начальнікам аддзелу крымінальнага вышуку ОУС адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні, потым першым намеснікам начальніка ОУС Слонімскага райвыканкаму. Потым працаваў у Ваўкавыску.

У 2020 годзе ў час вулічных пратэстаў была інфармацыя, што Асоцкі здзекваўся з чалавека на цэнтральнай плошчы Ваўкавыску. Тады ж доблесны кіраўнік ваўкавыскай міліцыі нібыта “раскрыў” цэлую змову, пра якую напісалі толькі праз год (!): «10 августа днем при отработке территории, прилегающей к площади Ленина, нами был обнаружен схрон – 500 килограммов битой тротуарной плитки. Это было кем-то за ночь подготовлено для вечерних нападений на сотрудников милиции». (Беларусь-Сегодня, 6.08.2921).

Віталь Асоцкі быў таксама “пацярпелым” па справе 69-гадовай пенсіянеркі з Ваўкавыска Галіны Міхальчук. Паводле часткі 1 артыкулу 368 КК і артыкулу 369 КК яе прысудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віталь спагнаў з пенсіянеркі 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Пазней палкоўнік Асоцкі змагаўся з грамадскімі тэлеграм-каналамі.

Суд, які зараз пачаўся ў Гародні, ідзе паводле артыкулу “О возмещении имущественного вреда, причиненного работниками при исполнении служебных (трудовых) обязанностей”. Падрабязнасці і прычыны іску невядомыя.