
Беларускі мовазнавец, педагог, аўтар слоўнікаў Янка Бялькевіч нарадзіўся 6 сакавіка 1883 году ў вёсцы Варонічы (Слонімскі раён).
Паходзіў з сялянская сям’і. Пасля Свіслацкай настаўніцкай семінарыі ён быў загадчыкам Вароніцкай сельскай школы, потым інспектарам школ Слонімскага павета, а са жніўня 1920 года працаваў у Наркамаце асветы БССР і ў школах Менску. Для паглыблення сваіх педагагічных ведаў Янка Бялькевіч паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне толькі што адкрытага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён не прапускаў ніводнай лекцыі, выступаў на семінарах з грунтоўнымі навуковымі рэфератамі па пытаннях беларускай і рускай філалогіі, удзельнічаў у розных гуртках.
Яшчэ студэнтам Янка Бялькевіч па заданні слоўнікавай камісіі Інбелкульта збіраў лексічны матэрыял для тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, распісваючы на карткі творы Ядвігіна Ш. і Максіма Багдановіча. Адначасна студэнт Бялькевіч запісваў і сістэматызаваў беларускія словы з іншамоўнымі каранямі, мяркуючы скласці слоўнік іх. Пасля заканчэння ўніверсітэта Янка Бялькевіч стаў працаваць дырэктарам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума. Па просьбе слоўнікавай камісіі Інбенкульта ён збіраў і сістэматызаваў матэрыялы для дыялектнага слоўніка ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. У вольны час ён выязджаў ў раёны, запісвае новыя словы і правяраў запісаныя.
Напрыканцы 1926 года картатэка будучага слоўніка ўжо налічвала 15 тысяч лексічных адзінак. Часопіс “Наш край” (1928, № 12. С.50) паведамляў пра першыя поспехі Бялькевіча: “Словы на першыя літары слоўніка ўжо апрацаваны ўкладальнікам…”. Паралельна з укладаннем слоўніка Янка Бялькевіч даволі часта выступаў на старонках розных беларускіх выданняў. На старонках “Узвышша” ён друкаваў рэцэнзіі на слоўнікі, рэзка выступаў супраць ужывання ў беларускай літаратурнай мове слоў “акаляць” і “акаляючы” са значэннем расейскіх “окружать”, “окружающий” (нататка “Аб слове акаляць”(Узвышша, 1928, № 2) і г.д

Выкладчыкі і студэнты БДУ. Стаіць другі злева Янка Бялькевіч, 1924 г.
У Янкі Бялькевіча было шмат планаў і задумак. Але ён хутка будзе арыштаваны ДПУ БССР па справе Саюза вызвалення Беларусі. Гэта здарылася 17 лютага 1930 года. І хоць вінаватым ва ўсім ён сябе не прызнаў, паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Там працу над беларускай філалогіяй яму замянілі працай на лесапавале. А калі вызваліўся, выехаў у Данецкую вобласць, дзе выкладаў у школах расейскую мову і літаратуру.
У 1948-1958 гадах працаваў у розных навучальных установах Жданава. Але і там, далёка ад Радзімы, Янка Бялькевіч не спыняў працу над слоўнікам. Ён вельмі хацеў вярнуцца на Беларусь, але да канца жыцця на гэта не атрымаў дазволу. Сэрца не вытрымала такой знявагі. За месяц да смерці яго рэабілітавалі, а ў кастрычніку 1960 года даследчыка нашай мовы не стала.
Клопаты аб выданні «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» пасля смерці Янкі Бялькевіча ўзялі на сябе яго жонка Ніна Мікалаеўна Улашчык і сын Узяслаў. І ў 1970 годзе ён пабачыў свет. Гэты слоўнік — адзін з самых поўных і грунтоўных з ліку ўсіх вядомых рэгіянальных (абласных) слоўнікаў беларускай дыялектнай мовы. Слоўнік Янкі Бялькевіча з’яўляецца багатым зборам лексікі жывой народнай мовы насельніцтва ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. Ён змяшчае каля 20 тысяч слоў. Вялікае слоўнае багацце, сабранае Янкам Бялькевічам, даўно просіцца перавыдання, перавыдання не толькі слоўніка, а і іншых ягоных прац.