
Цуды ў сённяшнім свеце здараюцца надзвычай рэдка. Цуды ў няшчаснай Беларусі ўвогуле не здараюцца. Але ў душы мы ўсё роўна застаемся дзецьмі і ў самым аддаленым і прыхаваным закутку сваёй другой існасці, якая не хоча пагаджацца з развагамі розуму, пакідаем надзею на незвычайнае. А потым падпарадкоўваем гэтыя спадзевы халоднай жорсткай рэальнасці і адкладаем чаканне таго, што не збылося, на пазнейшы, нявызначаны час…
3 сакавіка ў Мінску быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе вясноўцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча. Ім прысудзілі вялізныя тэрміны зняволення ў калоніі. Асноўны судовы працэс скончыўся яшчэ пару тыдняў таму, але прысуд знарок перанеслі на пачатак вясны. Напэўна для таго каб прапагандысцкія органы інфармацыі маглі напісаць нешта кшталту пахабнага каламбурчыку: «канец «Вясны» вясной». Яны так і напісалі. Суддзя таксама з сімвалічным прозвішчам Запаснік прагназавана прызнала праваабаронцаў вінаватымі нібыта за “фінансаванне пратэстаў” у 2020 годзе і за “кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай”. Старшыню “Вясны” і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; намесніку старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; каардынатару кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Такая «зніжка» тэрмінаў таксама выглядае дадатковым здзекам. Маўляў, глядзіце якое ў нас незалежнае правасуддзе – пракуратура запытала адно, а суд прыняў сваё «самастойнае» рашэнне. Насамрэч жа ва ўмовах жудасных, па-сутнасці ўжо сталінскіх умоваў турмаў і калоній, якія зараз створаны ў Беларусі, гэтая розніца ня мае ніякага значэння.
Акрамя агромністых тэрмінаў зняволення праваабаронцам прысудзілі яшчэ касмічныя грашовыя штрафы на дзясяткі тысяч даляраў кожнаму і амаль 300 тысяч даляраў на ўсіх як «арганізаванай злачыннай групе». Такая цана ў сённяшняй акупаванай Беларусі змагання за правы чалавека і справядлівасць.
Крымінальная справа праваабаронцаў “Вясны» невыпадкова была расцягнутая ў часе. Ішло працяглае «следства», дзе патрэбна было назбіраць як мага больш кампрамату і хоць нейкіх доказаў «злачынства» праваабаронцаў. Цягам гэтага следства справа была нават перакваліфікаваная на іншыя артыкулы. Пералічваць іх няма ніякага сэнсу, таму што сутнасць справы зусім не ў нейкіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Магчыма ўлады спадзяваліся аднавіць такі, удалы раней для іх, гандаль палітвязнямі з Захадам. Але не ўдалося, ці Масква не дазволіла.
А праваабаронцаў «Вясны» пераследавалі і пераследуюць найперш за дзве рэчы. Па-першае, за тое, што вясноўцы дапамагалі людзям, закладалі падмуркі агульнанацыянальнай салідарнасці. «Вясне» не давалі легальна працаваць, арганізацыю закрылі, але праваабаронцы, кіруючыся, выключна сваімі канстытуцыйнымі і грамадзянскімі правамі, не маглі праходзіць міма той несправядлівасці, разбурэння юрыдычнага поля, якія сістэмна здзяйсняла ўлада, асабліва з траўня-жніўня 2020 года, калі сілавым структурам і спецслужбам быў аддадзены загад вядзення тэрору супраць сваіх суграмадзян, на татальнае растаптанне заканадаўства і ўсіх нормаў чалавечнасці і маральнасці.
Праваабаронцы – гэта людзі асаблівага характару, засуджаныя лідары «Вясны» да апошняга дня на волі рабілі ўсё магчымае, каб дапамагаць пацярпелым, ратаваць іх у розны спосаб. Гледзячы на вясноўцаў, беларусы пачыналі фармаваць іншыя асяродкі грамадзянскай салідарнасці і падтрымкі. І антынародная ўлада гэта цудоўна ўсведамляла.
Другая прычына жорсткага пераследу вясноўцаў палягае ў тым, што Алесь Бяляцкі ад пачатку, яшчэ ў 1996 годзе, стварыў не проста праваабарончую структуру, а менавіта беларускамоўную адраджэнцкую супольнасць. Найбольш у Беларусі знішчаныя і растаптаныя правы грамадзян менавіта на карыстанне роднай мовай, права на нацыянальную адукацыю, культуру, на сапраўдную сімволіку. «Вясна» ад пачатку прынцыпова займалася абаронай права на нацыянальнае жыццё. За гэта яе і пераследуюць.
Уладзімір Хільмановіч, “Ніва”