Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст Пётра Крачэўскі нарадзіўся 7 жніўня 1879 году.

Месцам яго нараджэння сёння называюць вёску Дубна, што ў Мастоўскім раёне. Аднак, гаворачы пра паходжанне Пятра Крачэўскага (Крэчаўскага), заўсёды адзначалася, што ён быў сынам вясковага дзяка Антона Крачэўскага, які служыў у адным з праваслаўных прыходаў у Кобрыньскім павеце Гарадзенскай губерні.

Атрымаў пачатковую адукацыю ў Верхалескай школе Кобрыньскага павета, Пётра Крачэўскі вучыўся ў Жыровіцкай духоўнай вучэльні. Затым паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні.

3 1902 годзе настаўнічаў у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах. 3 1909 года працаваў у Віленскім дзяржаўным банку. А з пачаткам Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў царскую армію, дзе служыў вайсковым урадоўцам. Лютаўская рэвапюцыя 1917 года застала Пятра Крачэўскага на гэтай пасадзе ў Барысаве. У гэты ж час ён далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады.

У 1917 годзе Пётра Крачэўскі быў старшынём Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. У снежні 1917 года стаў дэлегатам Першага Ўсебеларускага з’езда ў Менску, на якім быў абраны сябрам Рады Усебеларускага з’езда і выканкама. Удзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.

З 19 лютага 1918 года Пётра Крачэўскі знаходзіўся ў складзе першага беларускага ўрада (Народнага Сакратарыяту) выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра. Ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі быў таксама народным сакратаром фінансаў, народным сакратаром гандлю і прамысловасці, узначальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. Ён з’яўляецца адным са стваральнікаў і лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Ад 14 траўня 1918 года Пётра Крачэўскі – сакратар Рады БНР. 15-16 снежня 1918 года ён арганізаваў правядзенне ў Гародні Гарадзенскага беларускага павятовага з’езда. Разам з Васілём Захаркам спрабаваў дамовіцца з камандаваннем нямецкай 10-й арміі пра перадачу зброі для беларускай міліцыі на Гарадзеншчыне. У ліпені 1919 года на чале Надзвычайнага прадстаўніцтва БНР Пётра Крачэўскі прыбыў у Коўна, ён там вёў перамовы з прадстаўнікамі ўраду Летувы, падчас якіх дамагаўся афіцыйнага прызнання летувіскім урадам незалежнасці БНР у яе этнаграфічных межах. Ад 13 снежня 1919 года і да сваёй смерці Пётра Крачэўскі быў старшынём Рады БНР .

Выконваючы функцыі кіраўніка ўраду БНР, з 1920 года вымушаны быў эміграваць. Жыў у Коўне, Берліне, Рызе, зноў у Коўне, а з 1923 года перабраўся ў Прагу (Чэхія), дзе пражыў да канца жыцця. У Празе Пётра Крачэўскі стварыў прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. У снежні 1921 года, як прадстаўнік Беларусі ўваходзіў у склад Рады Саюза народаў Усходняй Еўропы, а ў кастрычніку 1926 года актыўна ўдзельнічаў у заснаванні ў Празе міжнароднага аб’яднання – Сацыялістычнай лігі новага Ўсходу Еўропы.
Пётра Крачэўскі прынцыпова супрацьстаяў дзеянням, скіраваным на ліквідацыю ўраду БНР. Прэзідум Рады БНР на чале з Пётрам Крачэўскім не прызнаў пастановы Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года аб прызнанні Менску адзіным цэнтрам беларускага адраджэння і дзяржаўнасці. Крытычна ставіўся да палітыкі беларусізацыі ў БССР, адзначаў яе непаслядоўнасць, адмовіўся ад вяртання ў БССР. Перад смерцю свае паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР і архіў БНР ён перадаў Васілю Захарку.

Пётра Крачэўскі жыў у Празе вельмі бедна. Але дамогся ад ураду Чэхіі стыпендый для беларускіх студэнтаў і стварыў Беларускі архіў у Празе.

Марка, выданая беларускай эміграцыяй

Вядомы не толькі як выдатны беларускі палітычны дзеяч, але і як гісторык, драматург публіцыст. Ён – аўтар вершаваных драмаў “Рагнеда” і “Здрада”, вершаў, перакладаў з чэшскай і ўкраінскай моў. Быў рэдактарам зборніка па гісторыі, культуры і эканоміцы Беларусі “Замежная Беларусь”, падрыхтаваў для яго шэраг артыкулаў, прысвечаных тэорыі Беларусі і яе грамадска-палітычнаму развіццю ў XX стагоддзя (выдадзены ў Празе ў 1926 г.).

Памёр Пётра Крачэўскі 8 сакавіка 1928 году ў Празе. Пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках. Памяць пра Пётру Крачэўскага ў Беларусі не ўшанавана.