Расейская ядзерная карпарацыя «Росатам» не можа гарантаваць надзейнасць і бяспеку сваіх тэхналогій. Гэта даказваюць інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС у Беларусі ў 2022 годзе, паведамляе выведка Летувы. Паводле яе, тое, што робіцца на АЭС, складае пагрозу ядзернай і ўвогуле нацыянальнай бяспецы Летувы.

«Тэхналогіі «Расатама», якія спрабуюць захаваць свае пазіцыі на рынку ядзернай энергетыкі, маюць недахопы, хоць карпарацыя сцвярджае, што яны адпавядаюць высокім стандартам ядзернай бяспекі», — пішуць Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (VSD) і Другі дэпартамент аператыўных службаў (AOTD) Міністэрства нацыянальнай абароны Летувы ў штогадовай ацэнцы пагроз, апублікаванай у чацвер.

Паводле звестак летувіскай выведкі, Беларусь і «Расатам» замоўчвалі інцыдэнты і дэфекты рэактарнай сістэмы, якія адбыліся летась на першым і другім блоках АЭС.

Летась у красавіку першы блок АЭС спынілі на планавы рамонт, але пра выяўленыя падчас яго дэфэкты нічога не паведамлялася.

Згодна з ацэнкай, у траўні 2022 года сістэмы кіравання электрастанцыяй выявілі расколіны на зварных швах верхніх штыфтаў корпуса аднаго рэактару блока.

На думку экспертаў, якасна ліквідаваць дэфекты можна было б толькі пасля дэмантажу рэактара, але з палітычных меркаванняў такое рашэнне нават не разглядалася.

Менавіта тэхнічныя праблемы, як сцвярджаецца, не дазволілі рэжыму Лукашэнкі своечасова запусціць другі блок электрастанцыі. Ён мусіў быць уведзены ў эксплуатацыю ў мінулым годзе, але

ў лютым было зафіксавана, што ў хімічным складзе вады ў першым цыркуляцыйным контуры, які астуджае рэактар ​​блока, адбыліся змены, яна забруджаная смоламі. Таму спатрэбілася механічная ачыстка ўсяго трубаправода контура і выгрузка ядзернага паліва.

Вельмі верагодна, што тэхнічныя недахопы Астравецкай АЭС не будуць выпраўленыя нават пасля запуску другога блока, адзначае летувіская выведка.
https://nashaniva.com