
12 красавіка 2023 года Луганскі ўніверсітэт, які знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Украіны і якім зараз кіруюць калабаранты, запланаваў правесці мерапрыемства пад назвай «Міжнародная канферэнцыя “Ваенная журналістыка ў сучасным свеце”». Пра гэта расказаў медыярэсурс MOST/
На канферэнцыю збіраюцца і тры выкладчыцы ўніверсітэтаў з Беларусі. Адна з іх – малаведамая шырокаму колу Марыя Канюшкевіч, прафесар кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Як журналістка гэтая прафесар невядомая зусім. Яна нараджэнка Дзятлаўшчыны і філолаг па адукацыі. Але ў яе біяграфіі ёсць вельмі цікавыя старонкі.
Марыя Канюшкевіч, якая ўвайшла ў спіс праграмнага камітэта, вядомая тым, што яшчэ ў траўні 2004 года зрабіла лінгвістычную экспертызу ўлёткі па запросе следчага УКГБ Беларусі па Гарадзенскай вобласці. Мэтай экспертызы было высветліць, ці змяшчае ўлётка абразу прэзідэнта. Вынікі экспертызы Канюшкевіч, у якіх гаварылася, што абраза прэзідэнта мае месца, сталі доказам па крымінальнай справе дачычна жыхара Гародні Валерыя Леванеўскага, які быў тады засуджаны на два гады пазбаўлення волі.
А яшчэ Марыя Канюшкевіч з’яўляецца членам Рады па медыялінгвістыцы Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Пецярбурскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Расіі.
Цяпер Канюшкевіч збіраецца на псеўдаканферэнцыю ў Луганск. А насамрэч за паняткам «ваенная журналістыка» ў дадзеным выпадку хаваецца не журналістыка, а прапаганда вайны і ўзброенай агрэсіі Расеі. Пра гэта сведчыць шматгадовая дзейнасць расейскіх «ваенкораў», якая разглядаецца і выкарыстоўваецца расейскім бокам як сродак гібрыднае вайны.