У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі гаворыцца, што дакумент «узмацняе адказнасці за злачынствы супраць дзяржавы». Пад дзяржавай, вядома, маецца на ўвазе наўпрост лукашэнкаўскі рэжым.

9 сакавіка Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці».

«Асноўная мэта дакумента — узмацненне супрацьдзеяння злачынствам экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) і антыдзяржаўнай скіраванасці», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ягонай прэс-службы.

Адзначаецца, што законам «прадугледжваецца распаўсюд крымінальнай адказнасці за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, на ўсіх асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады». Пры гэтым «за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай або ваеннаслужачым, уводзіцца магчымасць прымянення выключнай меры пакарання — смяротнага пакарання».

Нагадаем, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой няма мараторыя на смяротнае пакарання. Як выключная мера выкарыстоўваецца расстрэл.

Таксама новым законам «за шэраг злачынстваў антыдзяржаўнай скіраванасці» прадугледжваецца «дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу да 50 тысяч базавых велічынь (1 млн 850 тыс. рублёў)». Дадзеная мера, упэўнены Лукашэнка, «закліканая забяспечыць безумоўнае пакрыццё шкоды, нанесенай такімі дзеяннямі, і пазбаўленне асоб, якія дзейснілі правапарушэнне, сродкаў для працягу злачыннай дзейнасці».

Акрамя таго дакументам уводзіцца крымінальная адказнасць за «прапаганду тэрарызму, дыскрэдытацыю Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ваенізаваных арганізацый і парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».

У гэтай частцы чарговы рэпрэсіўны закон паўтарае цяперашнія практыкі пуцінскай Расеі, дзе вялікія тэрміны прысуджаюць за так званыя «фэйкі аб арміі». А дакладней — за любую крытыку «спецаперацыі» ва Украіне.

Ухвалены Лукашэнкам закон, акрамя іншага, павялічвае з трох да дзесяці сутак тэрмін затрымання асоб, якія «падазраюцца ў здзяйсненні здрады дзяржаве, змове ці іншых дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады, шпіянажы і агентурнай дзейнасці, што неабходна для забеспячэння максімальна якаснага правядзення аператыўна-следчых мерапрыемстваў па адпаведных справах».

Адначасна прадугледжваецца вызваленне ад крымінальнай адказнасці асоб, якія «ажыццяўлялі падрыхтоўку да нападу на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай, або да здзяйснення дыверсіі, але якія адмовіліся ад сваіх намераў і якія паспрыялі ў прадухіленні названых злачынстваў».

Нарэшце, гаворыцца ў паведамленні лукашэнкаўскай прэс-службы, у Крымінальна-працэсуальны кодэкс ўносяцца «асобныя карэкціроўкі, абумоўленыя практыкай яго прымянення».