
Беларускі кампазітар і фалькларыст Мікола Равенскі нарадзіўся 5 снежня 1886 года ў маёнтку Капланцы (цяперашні Бярэзінскі раён Менскай вобласці), дзе яго бацька працаваў садоўнікам. Музычная адукацыя давалася яму паступова, этапамі. У 1895 – 1903 гадах вучыўся ў менскім архірэйскім хоры, дзе атрымаў пачатковую музычную адукацыю. У 1903 годзе накіраваны ў Менскі мужчынскі манастыр як дырыгент тамтэйшага хору. У 1905 годзе пераехаў у Наваградак, дзе працаваў дырыгентам царкоўнага хору і выкладаў музыку ў школах. У 1912-14 гг. прайшоў курсы рэгента царкоўнага хору ў Маскве. У 1920 годзе стаў працаваць кіраўніком хору пры Беларускім Работніцкім Клубе ў Менску. Тады з’явіліся ягоныя першыя песні на вершы Максіма Багдановіча (“Ня кувай ты, шэрая зязюля”, “Завіруха”, “Слуцкія ткачыхі”), Канстанцыі Буйлы (“Люблю наш край”, “Каб я крыльле мела”, “Я шукала”), сюіта “Курган”, уступ да паэмы “Гапон” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, песня “Ах ты, Нёман-рака” на словы Цішкі Гартнага. Акрамя арыгінальнай музыкі, Равенскі пісаў гарманізацыі не свае мелодыі (“Чаму-ж мне ня пець”, “Адвеку мы спалі”). У 1922 годзе у Менску выйшаў друкам амаль увесь тагачасны яго рэпэртуар – “Зборнік песьняў з нотамі”. Пасьля забароны дзейнасці эсэраў на нейкі час перайшоў на працу хормайстра ў Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны тэатр. Пісаў музыку да аперэты “Залёты” (на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча).
У 1923 годзе Равенскі выехаў у Маскву па адукацыю, там пражыў сем гадоў, закончыўшы музычны тэхнікум пры кансерваторыі (1927 г.) i кампазітарскі аддзел кансэрваторыі (1930 г.). Лес сутыкнуў яго там з паэтам Уладзімерам Дубоўкам. Уплыў Дубоўкі на фармаванне Равенскага быў надзвычай моцны. У Маскве Равенскі шмат кампанаваў (22 фугі, кантата для хору з аркестрам, прэлюдыя для фартэпіяна). Песенныя кампазіцыі пісаў на словы Дубоўкі (“О Беларусь, мая шыпшына”, “Такая ноч”) i Янкі Купалы (“У вырай”). Пад уплывам Дубоўкі звярнуўся да музычнае крытыкі і напісаў два крытычныя артыкулы ва “Узвышша”. Скампанаваў оперу “Браніслава” на лібрэта Дубоўкі (не захавалася).
У 1930-ыя гады Равенскаму нейкім цудам удалося пазбегчы лёсу беларускай творчай інтэлігенцыі: ён застаўся на волі, хоць ягоная кампазіцыя “Ліпнёвы гімн” на словы Дубоўкі партыйнымі прыганятымі была акрэсленая як “нацдэмаўская”. Равенскі працаваў выкладчыкам у музычным тэхнікуме ў Менску, потым у кансерваторыі. У 1940 годзе пераехаў у Магілёў, у 1941-ым зноў вярнуўся ў Менск. У дзень пасля выбуху нямецка-савецкай вайны ў пажары згінулі ўсе ягоныя рукапісныя і надрукаваныя творы.
З 1943 года Равенскі працаваў рэгентам царкоўнага хору ў Чэрвені, дзе кампанаваў музыку да малітваў. Тут таксама паўторна напісаў два акты аперэты “Залёты”. У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну. Працаваў настаўнікам спеваў у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы i ў беларускай гімназіі ў Остэргофене. У Нямеччыне скампанаваў наступныя свае выдатныя творы: “Беларускую фантазію” для скрыпкі і фартэпіяна, раманс “Ноч над Менскам” на словы Дубоўкі, царкоўны гімн “Магутны Божа” на словы Натальлі Арсеньневай. У 1950 годзе пераехаў у Лёвэн у Бельгіі, дзе арганізавалася актыўнае беларускае студэнцкае асяроддзе. Арганізаваў студэнцкую вакальную групу, выступаў з ёю ў Бельгіі, Францыі і Нямеччыне, запісаў грамафонныя кружэлкі з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі песнямі. Памёр 9 сакавіка 1953 г. у Лёвэне.