У Гарадзенскім абласным судзе 13 сакавіка распачаўся суд над палітзняволенымі Мікалаем КуляшовымАнітай Бакуновіч, а таксама Ягорам Курзіным. Іх затрымалі ў верасні на Гродзеншчыне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Цяпер іх будуць за гэта судзіць, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Апроч усяго, палітвязняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў “экстрэмісцкім фармаванні” — у арганізацыі “Дапамога”. Працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. “Вясна” распавядае, што вядома пра справу і яе фігурантаў.

Першы раз тады яшчэ 18-гадовую Аніту Бакуновіч затрымалі 23 лютага 2022 года. Сілавікі пры падтрымцы САХРа са зброяй і шчытамі выламалі дзверы, калі Аніта і яе брат Ян спалі ў сваіх ложках. Пасля гэтага брата і сястру вывелі з кватэры без адзення і паставілі на калені на бетонную падлогу. Правялі вобшук і завялі Яна і Аніту ў кватэру. Там іх развялі ў розныя пакоі, у дачыненні да Яна быў ужыты гвалт з мэтай допыту і атрымання інфармацыі асабістага характару і пароля ад тэлефона, ужывалася грубая сіла. 

Аніту асудзілі да двух гадоў “хатняй хіміі” 30 чэрвеня 2022 года па “народным” артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Да суда яе ўтрымлівалі ў СІЗА чатыры месяцы. Пасля абвяшчэння прысуду яе вызвалілі з-пад варты.

Другі раз Аніту затрымалі 21 верасня 2022 года на Гродзеншчыне пры перасяченні беларуска-літоўскай мяжы. На дзяржаўных каналах выйшаў фільм, у якім паказалі момант спробы 19-гадовай палітзняволенай нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Дзеянні дзяўчыны здымалі адразу нелькі камер — з зямлі і паветра.

Адразу дзяўчыну змясцілі ў СІЗА КДБ, а пасля яе перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Напрыканцы снежня яе змясцілі ў гродзенскую турму № 1.

Цяпер палітзняволеную абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК (замах на незаконнае перасячэнне мяжы).

Былы мытнік Мікалай Куляшоў

kuliashou_mikalaj.jpg

Мікалай Куляшоў — былы мытнік і актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Яго затрымалі ў верасні 2022 года. Некалькі месяцаў ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, затым у СІЗА-1 у Мінску, пазней яго перавялі ў турму Гродна. 

Як вынікае з фільма БТ, Мікалай Куляшоў супрацоўнічаў з некамерцыйнай арганізацыяй “Дапамога”, якая дзейнічае ў Літве і дапамагае палітычным уцекачам.

Яму інкрымінуецца ч. 3 арт. 371 КК (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 (замах на наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейснены арганізаванай групай), ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Акрамя гэтага Мікалая абвінавачваюць паводле арт. 378 КК (крадзеж асабістых дакументаў) і ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 380 КК (замах на падробку і выраб або збыт падробленых дакументаў).

На волю лісты ад Мікалая даходзяць дрэнна. Вось, што ён напісаў у адным з іх, які прарваўся на волю:

“Ужо чацвёрты месяц у няволі. Даводзіцца спадзявацца, што хутка ўсё скончыцца.

Дзякуй за віншаванне. Новы год мы сустракалі пад бой гадзінніка і салюту ў цэнтры горада, але за сценамі бастыёна. Змайстравалі са сшытка ялінку, упрыгожылі цацкамі з фальгі. Быў святочны стол, елі, пілі, віншавалі адзін аднаго, узгадвалі сваіх родных”.

14 верасня на пад’ездзе да горада Паставы быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ сын Мікалая Іван. Яго таксама паказвалі ў сюжэце БТ. 14 снежня яго асудзілі да трох гадоў “хатняй хіміі” паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Удзел у” экстрэмісцкім фармаванні” “Дапамога”

Мікалая Куляшова і Аніту Бакуновіч абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні паводле ч. 3 арт. 361-1 КК за супрацоўніцтва з літоўскай арганізацыяй “Дапамога”, якая была прызнаная “экстрэмісцкім фармаваннем” па рашэнні КДБ 12 кастрычніка 2022 года. Туды ўключылі палітзняволеных Аніту Бакуновіч і Мікалая Куляшова.

Былы студэнт Ягор Курзін 

Ягор Курзін

У замаху на незаконнае перасячэнне мяжы паводле арт. ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК абвінавачваюць і 21-гадовага Ягора Курзіна. У прапагандысцкім фільме Курзін кажа, што год вучыўся ў БДУІР і быў адлічаны за непаспяховасць. У сюжэце БТ гаворыцца, што ён, каб не ісці ў войска, выдумаў гісторыю пра палітычны пераслед. У сюжэце гаворыцца, што Курзін звярнуўся ў “Дапамогу”. Акрамя гэтага, Ягора абвінавачваюць ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу.

Невядома, ці ўтрымліваецца Ягор пад вартай.

Падтрымайце палітвязняў: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Аніта Алегаўна Бакуновіч, Мікалай Анатольевіч Куляшоў