
У эфіры Беларускага Радыё Рацыя пабывала Ірына Чарняўка, якая расказала пра сітуацыю з сваім мужам, палітвязнем Паўлам Мажэйкам.
РР: Ці ёсць новыя звесткі ад Паўла Мажэйкі?
– Асабліва не, бо турэмная сістэма Беларусі – гэта дастаткова закрытая сістэма. Мы ведаем, што яму зноў працягнулі, яму ўжо некалькі разоў працягвалі тэрмін. Спачатку на тры месяцы, пасля на месяц, на месяц і вось зноў на тры месяцы. Ведаю, што ніякіх асаблівых следчых дзеянняў з ім хіба што не робяць. Не так даўно, некалькі тыдняў таму, далі магчымасць спаткацца з маці і з сястрой. Праз шкло, праз слухаўку, як гэта мы толькі ў кіно бачылі дагэтуль. Пару гадзін яны мелі магчымасць паразмаўляць.
РР: Маці звярнула ўвагу на падбітае вока?
– Звярнула ўвагу на сляды хіба што наручнікаў на руках. Калі яго затрымлівалі, мы разумеем, што яго затрымлівалі жорстка. Праз паўгода засталіся сляды наручнікаў на запясцях, гэта канешне нас усіх прыводзіць у роспач, што такія рэчы адбываюцца і што мы нічым не можам дапамагчы. Самае галоўнае, што мы практычна не маем ніякай інфармацыі. Ён быў у добрым стане і казаў, што з ім усё ў парадку.
РР: Ці называюць хаця б нейкія артыкулы? У чым ён можа быць вінаваты?
– Тут такая цікавая рэч, што нічога асабліва не называюць і мы нейкія драбніцы інфармацыі здабываем, проста такія дзіўныя шляхі. У першыя дні былі ператрусы ў вельмі даўняй радні і з тых людзей не бралі падпіску пра неразгалошванне. Ад іх мы ведаем, што артыкул, па якім забіралі Паўла і па якіх праводзілі ўсе гэтыя дзеянні – гэта 361.4. Нешта накшталт „спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці”. Які канкрэтна эпізод, што канкрэтна, мы гэтага не ведаем. Ведаю, што забралі тэхніку з хаты. Прыходзіла мая мама і бачыла, што тэхнікі ў хаце няма. Самае забаўнае, што гэта тая тэхніка, якую яны ўжо забіралі, трымалі і вярталі. Яна трошачкі пабыла ў хаце, зноў забралі. Для нас гэта выглядае трошачкі бессэнсоўнымі, бяздумнымі рухамі, адзіная мэта якіх проста закрыць чалавека, каб ён не быў на волі.
Цалком гутарку слухайце ў далучаным файле:
Адрас для лістоў: Павел Мажэйка. Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.