
Беларускі палітычны дзеяч, другі прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1887 году ў вёсцы Дабрасельцы (Зэльвенскі раён).

Васіль Захарка пачатковую адукацыю атрымаў дома. Скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 года працаваў настаўнікам царкоўнапрыходскай школы. Вытрымаў экзамен па праграме юнкерскага вучылішча і расійскай гімназіі. З 1898 года працяглы час знаходзіўся на ваеннай службе. У 1917 годзе стаў сябрам БСГ, адным з арганізатараў з’езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронта, сакратаром Цэнтральнай беларускай ваеннай рады. З’яўляўся ўдзельнікам Першага Ўсебеларускага з’езда, быў абраны сябрам рады.
Васіль Захарка арыштоўваўся бальшавікамі ў студзені 1918 года. З лютага 1918 года ён знаходзіўся ў складзе народнага сакратарыяту БНР, быў скарбнікам у гэтым урадзе. Вёў перамовы з нямецкімі ваеннымі ўладамі па справе канфіскаваных грошай, абіраўся сябрам фінансавай камісіі Рады БНР. Пасля займаў розныя міністэрскія пасады. З мая 1918 года быў кіраўніком друкарні Народнага сакратарыяту БНР. Разам з Макарам Касцевічам быў прызначаны Менскай думай міравым суддзём. У ліпені 1918 года ўвайшоў у склад кабінета Янкі Серады, дзе займаў пасаду народнага сакратара фінансаў. Быў міністрам фінансаў ва ўрадзе Антона Луцкевіча.

У снежні 1918 года прыехаў у Гародню, як ганаровы госць прысутнічаў на Гарадзенскім беларускім сялянскім з’ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі міністэрства беларускіх спраў Літвы, з’яўляўся сябрам Гарадзенскага БНК і клуба “Беларуская хатка”. У снежні 1918 года ўдзельнічаў у перамовах БНК з Гарадзенскай управай. Вёў дыпламатычную працу з немцамі. Разам з Антонам Луцкевічам даслаў некалькі нотаў пратэсту ад імя ўрада БНР супраць захопу беларускіх зямель.
З другой паловы лютага 1919 года знаходзіўся ва Украіне, дзе шукаў грошы для БНР. У траўні 1919 года наведаў Берлін, потым у Коўне, як часовы намеснік старшыні ўрада БНР. Затым зноў у Берліне, дзе фактычна выконваў абавязкі кіраўніка беларускага ўрада.

Дэлегацыя БНР у Празе, 1919 год, Васіль Захарка сядзіць другі злева
Пасля расколу Рады БНР у канцы 1919 года Васіля Захарку абралі намеснікам старшыні Прэзідыума Народнай Рады БНР, але потым урадам Луцкевічам адхілены з пасады міністра. Прысутнічаў на паседжаннях урада БНР у Гародні 18 і 21 сакавіка. Выступіў 25 сакавіка 1919 года на развітальнай вячэры, прысвечанай ад’езду Язэпа Варонкі. Як прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у адкрыцці Першага беларускага настаўніцкага з’езда Гарадзеншчыны. Ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву Цвіркі-Гадыцкага аб далучэнні Беларусі да Польшчы. Неўзабаве выехаў з Гародні ў Берлін.
У канцы 1919 года быў у Менску, хаваўся ад арышту польскімі ўладамі. Удзельнічаў у нарадзе прэзідыума Рады БНР і ўрада Вацлава Ластоўскага ў Рызе. Потым вёў місію БНР у Маскве. З’яўляўся намеснікам старшыні Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 года. У 1923 годзе – міністр фінансаў ва ўрадзе Цвікевіча. Пасля Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне не прызнаў Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. Застаўся на эміграцыі ў Чэхіі. З’яўляўся намеснікам старшыні Рады БНР, а з сакавіка 1928 года да сакавіка 1943 года – Прэзідэнт Рады БНР. Збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы паэтку Ларысу Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР.
Спрабаваў давесці сусветнай грамадскасці беларускасць Вільні. 9 снежня 1928 года Васіль Захарка даслаў мемарыял на імя старшыні Лігі Нацый, дзе прадставіў беларускі бок бачання на справе Вільні. 12 кастрычніка 1939 года даслаў пратэст прэзідэнту Літвы супраць савецка-літоўскай дамовы ад 10 кастрычніка, згодна якой Віленшчына была перададзена Літве.

Маркі ў гонар Захаркі
Памёр Васіль Захарка ў Празе 14 сакавіка 1943 году. Пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках. Памяць пра Васіля Захарку ў Беларусі не ўшанавана.

Помнік на Альшанскіх могілках