
Беларускі журналіст, грамадскі дзеяч Валерый Задаля нарадзіўся 15 сакавіка 1953 году ў Клецку.
Валерый Задаля скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Працаваў карэспандэнтам клецкай раённай газеты, рэдактарам наваградскай газеты “Новае жыццё”, намеснікам старшыні Тэлерадыёкампаніі Гродна.
Быў сябрам Партыі БНФ, Беларускай асацыяцыі журналістаў, ПЭН-цэнтру, АГА “Фонд імя Льва Сапегі”.
Пасля змушанага звальнення з Тэлерадыёкампаніі паводле палітычных матываў напрыканцы 1990-ых працаваў у грамадскім аб’яднанні «Ратуша», потым (пасля закрыцця аб’яднання) у гарадзенскім аддзяленні Таварыства беларускай школы. Апошнія гады жыцця займаўся актыўнай і плённай грамадскай дзейнасцю: стварыў «Літаратурную гасцёўню», выдаваў і рэдагаваў шэраг лакальных спецыялізаваных газетак і бюлетэняў, быў адным з сталых выкладчыкаў гарадзенскай Школы маладога журналіста. Меў багаты газетны архіў. Пад псеўданімам Антон Лабовіч выдаў у 2006 годзе кніжкі “Партрэты знаных і нязнаных”, “Педагог Владимир Баран”.
Памёр ад цяжкай хваробы 11 красавіка 2007 году. Яму было толькі 54 гады. Пахаваны на Авульсаўскіх могілках непадалёк Гародні.