
Аляксандр Корзун крайні злева
Старшыня Гарадзенскага абласнога суду Аляксандр Корзун знайшоў сабе дадатковую працу – цяпер ён да ўсяго – прадстаўнік абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групы.
Днямі Аляксандр Корзун выехаў у Карэліцкі раён. У рамках правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва адбылася сустрэча старшыні Гарадзенскага абласнога суда і старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Шкадава з насельніцтвам па месцы жыхарства ў аграгарадку Вялікія Жухавічы. Пра гэта паведамляе раённае выданне “Полымя”.
На сустрэчы Аляксандр Корзун адзначыў, што асноўная тэма — «гістарычная памяць для выхавання падрастаючага пакалення», а тэмы для абмеркавання назваў знакавымі і важнымі. Поруч з тэмай бяспекі і навядзеннем парадку на прыдамавых тэрыторыях звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне неправамернага завалодвання рэквізітамі пластыкавых банкаўскіх карт і крадзяжах сродкаў з карт-рахункаў грамадзян, а таксама ў сферы высокіх тэхналогій.

«У цэлым сітуацыя ў краіне стабільная і прадказальная. Мы жывём у міры і стварэнні. Кожны павінен вырашаць задачы на сваім месцы», — рэзюмаваў Аляксандр Корзун. Толькі многія думалі, што “сваё месца” для Корзуна – гэта абласны суд. Але ж часта дзяржаўныя чыноўнікі раскрываюць свае таленты ў розных кірунках.