Асветнік, мецэнат мастацтваў і навукі, удзельнік паўстання 1794 году Адам Храптовіч нарадзіўся 19 сакавіка 1768 году ў мястэчку Шчорсы (Наваградскі раён).

Сын Яўхіма Храптовіча. Быў візітатарам школ Віленскай акругі, старшынёй Таварыства дабрачыннасці, намеснікам старшыні Друкарскага таварыства ў Вільні. Удзельнік вызвольнага чыну 1794 году.

Сядзіба ў Шчорсах, цяперашні стан

Ведамы тым, што ў сваіх уладаннях адмяніў цялесныя пакаранні прыгонных сялян, зменшыў іх павіннасці. У яго Шчорсаўскім маёнтку дзеіла буйная пачатковая школа ўзаемнага навучання (так званая ланкастарская), дзе станам на 1822 год займалася 350 вучняў з прыгонных, якія разам з элементарнай адукацыяй набывалі пэўныя навыкі вытворчай, рамеснай працы. Значна памножыў бібліятэку, заснаваную яго бацькам. Будучы апекуном Галоўнай Віленскай школы, Адам Xраптовіч ахвяраваў яе бібліятэцы калекцыю гравюр (каля 1100).

Будынак бібліятэкі ў Шчорсах, 1940-ыя гг.

Памёр Адам Храптовіч 25 снежня 1844 году і пахаваны ў Вішнёўцы (каля Ардашоў, Смаргонскі раён).