
У Беларусі пачалі крымінальную справу на байца палка Каліноўскага, паведамляе прэс-служба МУС.
Гаворыцца, што гэта 46-гадовы мужчына, які пражываў у Гарадзенскай вобласці. Ён удзельнічае ў баях за Украіну з сакавіка 2022 года. Прэс-служба МУС прадэманстравала фатаздымкі і відэа байца-каліноўца, прыгразіла завочным судом, але не назвала ягонае імя.
У роліку МУС паказаны вядомы лідскі вясляр Павел Шурмей. Ён выступаў за Беларусь на летніх Алімпіядах 2004 і 2008 гадоў у чацвярным парным веславанні.
Павел Шурмей нарадзіўся ў Лідзе 1 верасня 1976 году.