
«Байпол» выказаўся датычна афіцыйнай версіі ліквідацыі «тэрарыста» ў Гародні, назваў гэта пастаноўкай і нават назваў імя меркаванага выканаўцы галоўнай ролі.
«Байпол» лічыць, што адзіная праўда, якую сказаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, расказваючы пра нібыта ліквідацыю 19 сакавіка ў Гродне па вуліцы Курчатава грамадзяніна Расіі Аляксея Ламакіна, які задумваў здзяйсненне тэрарыстычных актаў — гэта тое, што пашпарт грамадзяніна Расеі з’яўляецца падробленым.
Сам «Байпол» цягам правядзення праверкі нібыта атрымаў ад удзельнікаў плана «Перамога» аператыўную інфармацыю пра тое, што ніякага тэрарыста не існавала, а ўсе датычныя яго мерапрыемствы з боку КГБ — пастаноўка. Пры гэтым байполаўцы нават называюць асобу, якая меркавана грала ў гэтай пастаноўцы галоўную ролю, і нібыта прымяняючы баявую гранату, “загінула” ў час штурму.
Паводле «Байпола», гэтым чалавекам мог быць дзейны супрацоўнік КГБ Аляксей Мікалаевіч Захараў, 18.04.1981 г. н., нараджэнец Гарадку Віцебскай вобласці. Ён нібыта праходзіць службу ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКГБ па Віцебскай вобласці ў службе вонкавага назірання.
Гэтая інсцэніроўка, як сцвярджае «Байпол», праведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка з мэтай застрашвання беларусаў, якія працягваюць змагацца з рэжымам, а таксама для ўзняцця аўтарытэту КГБ перад Лукашэнкам.
https://nashaniva.com