
Уладальнік кватэры па вуліцы Курчатава, 5 у Гародні Аляксандр Касцевіч разам з бацькамі затрыманы КГБ, піша hrodna.life.
На канале СТБ адзначылі, што ён прыцягваўся за ўдзел у акцыях пратэсту яшчэ ў 2010 годзе. На дзяржаўным тэлебачанні паказалі і яго маці Алену Касцевіч, якая сказала, што не ведала, каму сын здаў кватэру.
Кватэра здавалася нібыта цягам двух тыдняў.
«25 лютага мне патэлефанавалі на Viber, спыталі, ці вольная кватэра з 1 чысла. Я сказаў: «Вольная». Ён сказаў, што прыехаў з Піцера цягніком да сябра або знаёмага», — сказаў мужчына на відэа, імаверна, сілавікоў.
Па ТБ заявілі, што паводле сведчанняў суседзяў, мужчына нібыта вывешваў на балконе бел-чырвона-белы сцяг.
У Аляксандра Касцевіча ёсць жонка і маленькае дзіця.
Агулам па справе дапыталі 14 чалавек, якія размаўлялі з «тэрарыстам», гаворыцца ў сюжэце.