
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі заявіў, што беларускі бок атрымаў выразны сігнал пра тое, што пакуль Анджэй Пачобут знаходзіцца ў турме, будзе закрыты памежны пераход у Баброўніках.
Міністр сказаў, што калі лукашэнкаўскі рэжым будзе прымаць меры супраць Польшчы і польскага народа ў Беларусі, то гэта сустрэнуць жорсткім адказам.
«Беларускі бок мае поўную яснасць у гэтым пытанні. Калі Анджэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», — сказаў міністр.
Памежны пераход «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю быў закрыты польскай дзяржавай 10 лютага 2023 года ў адказ на абвешчанне 8-гадовага прысуду журналісту і польскаму актывісту ў Беларусі Анджэю Пачобуту.
Да закрыцця «Баброўнікі» былі адным з найбуйнейшых памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Пасля гэтага жыхарам Гарадзенскай вобласці даводзіцца ездзіць у Польшчу праз Летуву ці праз Берасце.
23 лютага 2023 года міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што Польшча пачала «прэвентыўнае пашырэнне мер бяспекі» на мяжы з Беларуссю і Расеяй. А 9 сакавіка палякі пасля ўзвядзення ўмацаванняў на мяжы з расейскай Калінінградскай вобласцю перайшлі і да абсталявання мяжы з Беларуссю.