45 гадоў таму (1978 г.) у Менску памёр Рыгор Шырма, беларускі грамадска-культурны дзеяч, хоравы дырыжор, фальклярыст, публіцыст. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках. З 1944 па 1952 гг. жыў і працаваў у Гародні.

Рыгор Шырма нарадзіўся 20 студзеня 1892 году ў вёска Шакуны (Пружанскі раён).

Культурную прастору Беларусі немагчыма ўявіць без постаці Рыгора Шырмы – патрыярха беларускай песні, музыканта-мастака. У 1905 годзе дванаццацігадовым хлопчыкам Рыгор Шырма паступіў у Пружанскую гарадскую вучэльню, потым была вучоба на Свянцянскіх настаўніцкіх курсах, на літаратурным факультэце ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (Польшча). Захапленне народнай беларускай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве, а ў час вучобы і настаўніцкай працы ён пачаў запісваць народныя песні, паданні.

3 1922 года пачаўся шлях Рыгора Шырмы як харавога дырыжора. У Пружанах арганізаваў хор, які набыў вядомасць у Заходняй Беларусі. Потым пераехаў у Вільню, дзе стаў стваральнікам і кіраўніком Хору Беларускага студэнцкага саюза.

Шмат гадоў Рыгор Шырма працаваў сакратаром Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы, дамагаўся ад польскіх улад дазволу на права навучання на роднай мове. Быў арганізатарам і выдаўцом друкаванага часопіса “Беларускі летапіс” (орган ТБШ), які выходзіў у Вільні ў 1933-1939 гадах. Пры яго кіраўніцтве ТБШ стала масавай і патрыятычнай арганізацыяй, пэўна таму яе кіраўніка некалькі разоў арыштоўвалі і кідалі ў камеры турмы “Лукішкі”, не пазбег ён пераследу і з боку органаў НКВД (больш за год адсядзеў на Лубянцы). Аднак Рыгор Шырма нідзе і ніколі не спыняў сваёй дзейнасці. Праводзіў культурна-асветніцкую і літаратурна-публіцыстычную работу, спрыяў станаўленню заходнебеларускай літаратуры, падтрымліваючы маладых паэтаў Міхася Васілька, Валянціна Таўлая, Сяргея Крыўца, за ўласны кошт надрукаваў зборнік вершаў “На этапах” Максіма Танка і іншыя.

Хор Прачысценскага сабора ў Вільні. Сядзіць крайні справа — Рыгор Шырма

Шырока разгарнулася творчая дзейнасць Рыгора Шырмы пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ён збіраў і апрацоўваў народныя песні, стаў дырыжорам і кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (з 1955 года – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР). У канцы 1940 года калектыў з вялікім поспехам выступіў у Менску, а ў 1941 годзе – на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Там слухачы ўпершыню пачулі цудоўныя беларускія народныя песні “А ў полі вярба”, “Ці ня быстрая рэчка”, “Ой, у садочку цвіла лілея”, “Там, за садамі”, “Ой, выйшла маці” і іншыя.

У 1944-1952 гадах Рыгор Шырма з хоравым калектывам плённа працаваў у Гародні. Шмат сіл і энергіі аддаў дырыжор харавой капэле. Творчая праца калектыву – гэта цэлая эпоха беларускага музычнага мастацтва.

Цягам усяго жыцця Рыгор Шырма займаўся даследаваннем фальклору. Ён запісаў больш за 2000 народных песень, якія сабраны ў чатырох тамах зборніка “Беларускія народныя песні” (1959-1976) і ў іншых выданнях.

Рыгор Шырма пакінуў багатую публіцыстычную спадчыну, лепшыя ўзоры якой прадстаўлены ў кнізе “Песня – душа народа” (1976, 1993), дзе былі сабраны артыкулы і рэцэнзіі, апублікаваныя цягам 45 гадоў. 3 1966 года і да канца жыцця Рыгор Шырма быў старшынём праўлення Саюза кампазітараў Беларусі і сакратаром праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1977 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Канверты розных гадоў, прысвечаныя Шырму

У адным са сваіх інтэрв’ю Зянон Пазняк згадвае, як ён у сярэдзіне 1970-ых гадоў прыйшоў да Рыгора Шырмы з просьбай падпісаць зварот да першага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева ў абарону ад руйнавання старога Менску. Шырма не адмовіўся ад подпісу, нягледзячы на тое, што яго сяброўскія стасункі з Пятром Машэравым, тагачасным першым сакратаром ЦК КПБ, пагоршыліся. Але ў выніку руйнаванне сталіцы спынілася.

Дом Уніхоўскага ў Менску на плошчы Незалежнасці, у якім жыў Рыгор Шырма

Паштовая марка

Рыгор Шырма і Ніл Гілевіч, 1976 г. Фота Яўгена Коктыша

Пахаваны Шырма на Усходніх менскіх могілках. Заснаваная Рыгорам Шырмам харавая капэла у 1978 годзе атрымала ягонае імя, а таксама Пружанская дзіцячая школа мастацтваў і Берасцейскі музычны каледж. У Пружанах ёсць музей Рыгора Шырмы, у сярэдняй школе № 150 горада Менску створана экспазіцыя, прысвечаная кампазітару. Вуліцы ў Пружанах і ў Менску носіць яго імя. Мемарыяльныя дошкі ўстаноўлены ў Гародні і ў Менску. У Вільні шыльда беларускаму хораваму майстару была адкрыта 20 студзеня 1994 года па адрасе: вуліца Майроніса-8.