24 сакавіка ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі па вынесеным рашэнні Менскага гарадскога суда ў дачыненні да кіраўніцтва Асацыяцыі прафсаюзаў “Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў” (БКДП).

Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім былі засуджаныя па абвінавачанні ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (удзел у акцыі пратэсту). Аляксандру Ярашуку таксама было прад’яўлена абвінавачанне ў нібыта закліку да абмежавальных мер, іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Разгляд апеляцыі пачаўся а дзявятай гадзіне ранку і прайшоў без удзелу абвінавачаных. Суд пакінуў прысуд у дачыненні да лідараў БКДП без зменаў.

Нагадаем, што старшыні Аляксандру Ярашуку было прызначана 4 гады пазбаўлення волі, яго намесніку Сяргею Антусевічу – 2 гады, а бухгалтарцы Ірыне Бут-Гусаім – 1,5 гады пазбаўлення волі.

Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай з 19 красавіка 2022 года. На гэты момант лідар БКДП Аляксандр Ярашук знаходзіцца ў следчым ізалятары Магілёва, як і яго намеснік Сяргей Антусевіч. Бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім адбывае прысуд у Менскім СІЗА-1.

https://www.salidarnast.info