
Беларускі лекар, грамадска-палітычны дзеяч Іван Шэга нарадзіўся 25 сакавіка 1953 года ў мястэчку Валеўка (Наваградскі раён). Яго бацька Іван Шэга быў родам з вёскі Малюшычы Карэліцкага раёна.
Сярэднюю школу Іван закончыў з адной чацвёркай у атэстаце. Пасля гэтага паступіў у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Шэга дакументы рыхтаваў у політэхнічны інстытут, але, прыехаўшы ў сталіцу, у апошні момант памяняў рашэнне. У час студэнцтва на сельгаспрацах пазнаёміўся з будучай жонкай, якая вучылася на педыятрычным факультэце. У 1974 годзе яны ажаніліся, у 1975-м нарадзіўся сын. У 1976 г. Іван Шэга па размеркаванні быў накіраваны на працу ў Капыль хірургам, а жонка – педыятрам. Жылля не давалі, таму жылі на прыватнай кватэры, зарплаты былі малыя, таму без дапамогі бацькоў было б зусім цяжка. Адпрацаваўшы неабходны час, у 1980 г. Шэгі пераехалі на радзіму жонкі – у Слонім.
У Слоніме Іван Шэга працаваў у траўматалагічным аддзяленні, шмат аперыраваў, праходзіў стажыроўкі ў Мінску, Ленінградзе, Маскве, Запарожжы. Авалодаў методыкай мануальнай тэрапіі, што тады было вельмі актуальна. У Слонімскай паліклініцы па ягонай ініцыятыве быў адкрыты кабінет мануальнай тэрапіі, пазней на базе аздараўленчага комплексу слонімскага кардонна-папяровага завода «Альбярцін» ім было арганізавана малое прадпрыемства «Фенікс», якое дапамагала хворым з астэахандрозам. Але праз два гады, па прычыне рэканструкцыі тэрыторыі завода, прадпрыемства закрылася.
Доктар Шэга заўсёды працаваў сур’ёзна і адказна, падвышаў свой прафесійны ровень, нягледзячы на праблемы. У 1996 г. стаў спецыялістам вышэйшай катэгорыі. У 1994 г. уступіў у партыю БНФ. Перамог на мясцовых выбарах 2003 г., стаў дэпутатам Слонімскага раённага Савета. Уладам яго дэпутацкая актыўнасць не падабалася. Пачаліся праблемы на працы: прымусовыя прызначэнні дзяжурстваў на дні запланаваных мерапрыемстваў, адмовы ў прадстаўленні адпачынкаў. На выбарах у Палату прадстаўнікоў Івана Шэгу не зарэгістравалі кандыдатам, бо баяліся, што за яго прагаласуе шмат людзей. Выбаршчыкаў змушалі адклікаць сабраныя за яго подпісы. На чарговых мясцовых выбарах правакацыйна зноў не зарэгістравалі.
У 2007 г. Іван Шэга арганізаваў кампанію за ўпарадкаванне свайго мікрараёна, пасля чаго заасфальтавалі некалькі вуліц і завулкаў горада. Маючы вышэйшую катэгорыю і вялікі досвед хірурга, ён напісаў заяву аб пераходзе з паліклінікі ў траўматалагічнае аддзяленне Слонімскага шпіталю, бо там была вакансія. Але галоўны доктар Пяцельскі адмовіў Шэгу.
У 2012 г. Іван Шэга зарэгістраваў недзяржаўную інфармацына-кансультатыўную ўстанову «Шэгамедкансульт». Перад гэтым актывісты ў Слоніме правялі грамадзянскія кампаніі па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Была праведзена канферэнцыя з удзелам медыкаў, выпрацаваны канкрэтныя прапановы, якія былі накіраваны ў Слонімскі райвыканкам і адміністрацыю Слонімскай ЦРБ. Вынікам яе з’явілася набыццё кампутарнага тамографа, адмена незаконнай аплаты хворымі рэнтгенаўскай плёнкі, рэфармаванне працы траўматалагічнага кабінета паліклінікі. Шэга прааналізаваў стан і выпрацаваў прапановы па рэфармаванні сістэмы аховы здароўя Беларусі. У 2013 г. Шэгу паводле палітычных матываў звольнілі з працы ў дзяржаўнай установе.
Іван Шэга быў беларускамоўным доктарам і шчырым хрысціянскім вернікам. Апошнія гады жыцця хварэў на анкалогію. Памёр 4 кастрычніка 2016 года. Пахаваны на Чапялёўскіх могілках у Слоніме.